Дашкевіч Алег (нар. 28.1.1963, Мінск). Кінарэжысёр, журналіст, пісьменнік.
Закончыў Беларускі інстытут фізкультуры (1989). З 1990 г. інструктар-кансультант Галоўнай рэдакцыі спартовых праграм Беларускага тэлебачання. У 1992—1998 гг. рэпарцёр, шэф-рэдактар праграмы навінаў першай незалежнай тэлерадыёкампаніі ММ4. З 1995 г. уласны карэспандэнт інфармацыйнай сеткі “Internews Network” у Беларусі. У 1996 г. закончыў школу тэлевізійнай журналістыкі «Internews Network» у Кіеве. Быў пераможцам конкурсу Фонду Сораса ў Беларусі ў намінацыі “Найлепшы тэлерэпартаж”. З 1999 г. — незалежны прадзюсар і рэжысёр. Зняў дакументальныя фільмы “Рыцары мары” (1999), “Прострыя гісторыі” (2002), “Маналогі” (2005). “Дзень Волі” (2008) і інш. У 2005 г. закончыў міжнародную школу прадзюсараў International Co-production Workshop “Baltic Sea Forum” у Вільні. Фільм “Простыя гісторыі” атрымаў прыз імя Віктара Турава на Нацыянальным кінафестывалі беларускіх фільмаў у Брэсце (2003), фільм “Журналісты” на Міжнародным кінафестывалі ў Амстэрдаме (2008) увайшоў у дзясятку найбольш значных сацыяльных фільмаў паводле арганізацыі “Amnesty International”. У 2010 г. стаў суарганізатарам Асацыяцыі “БелФільм” і быў абраны яе старшынёй. Сябра Саюзу кінематаграфістаў Беларусі.
Піша прозу. Публікуецца на старонках часопіса “Дзеяслоў” і інш. перыядычных выданняў. Аўтар кнігі апавяданняў “З вышыні птушынага палёту” (Мінск, 2022).