Дарашкевіч Віктар Іванавіч (9.6.1949, в. Цёмнае Балота, цяпер Сасновы Бор Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 12.10.2003, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971). У 1971—1974 гг. вывучаў класічную філалогію ў аспірантуры Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1974 г. працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. У 1977 г. у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы абараніў дысертацыю кандыдата філалагічных навук па спецыяльнасці “Літаратура народаў краін замежжа”. У 1978—1982 гг. вучоны сакратар Савета па каардынацыі навуковай дзейнасці пры прэзідыуме АН БССР. Ад 1982 г. старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.
Загінуў пры пажары. Пахаваны на могілках роднай в. Сасновы Бор (раней в. Цёмнае Балота), Шчучынскага раёну Гродзенскай вобласці.
Даследаваў гісторыю, старажытную беларускую літаратуру, лацінамоўную літаратуру Беларусі і Літвы XV—XVIII стст. Аўтар манаграфіі “Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: першая палова XVI стагоддзя” (Мінск, 1979). Падрыхтаваў да друку паэму “Песня пра зубра” (Мінск, 1980). Быў навуковым кансультантам энцыклапедычнага даведніка “Францыск Скарына і яго час” (Мінск, 1988). У 1985 г. пераклаў “Слова пра паход Ігараў” на беларускую мову, пераклад апублікаваны ў 1989 г. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994, у аўтарскім калектыве) за цыкл прац “Скарына і беларуская культура”.