Дарашкевіч Янук (1890, в. Мялешкі, цяпер Падляскае ваяв., Польшча — 24.2.1943, в. Фяцішчава, Балхоўскі р-н Арлоўскай вобл., Расія). Паэт-нашанівец.
Нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Закончыў царкоўна-настаўніцкую вучэльню ў Ялоўцы, потым Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у Сямёнаўцы і Кулях. Ажаніўся і пераехаў настаўнічаць у вёску Даўкшы каля Панявежыса. Збіраў беларускія народныя песні і дасылаў Антону Грыневічу ў Пецярбург. У 1914 г. быў мабілізаваны ў царскую армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў пад Петраградам. Прыхільна спаткаў рэвалюцыю 1917 г., служыў у Чырвонай Арміі. Жыў у Варонежы. У час Вялікай Айчыннай вайны пайшоў на фронт. Загінуў у баі пад в. Фяцішчава, Балхоўскі раён Арлоўскай вобласці, РФ. Месца пахавання невядомае (?).
Пісаў вершы, якія дасылаў у газету “Наша Ніва”, быў заўважаны Максімам Багдановічам. Перад мабілізацыяй перапісаў усе свае вершы ў асобны сшытак пад назвай “Абразкі” і даслаў у рэдакцыю “Нашай Нівы” з надзеяй на выданне. Але друкам зборнік не выйшаў. У часе жыцця ў Варонежы працягваў пісаць вершы, аднак творчая спадчына гэтага перыяду не захавалася. У 2014 г. Сяргей Чыгрын уклаў і выдаў у Мінску зборнік паэтычнай спадчыны паэта “Маркотныя зоры”.