Данілаў Іван Пятровіч (нар. 27.9.1924, в. Ляжыткавічы, Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.). Медык, пісьменнік. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў 7 класаў школы ў Драгічыне. У час Вялікай Айчыннай вайны з мая 1942 г. у партызанах — сувязны партызанскіх атрадаў імя Шыша, імя Калініна брыгады імя Молатава Пінскага злучэння. З 1944 г. у Чырвонай Арміі — шэраговы стралковай роты. Быў цяжка паранены. Дэмабілізаваўся ў 1946 г. У 1949 г. закончыў фельчарскую школу ў Пінску і паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Інстытут закончыў у 1955 г. і працаваў урачом Поразаўскай раённай бальніцы, галоўным урачом Поразаўскага раёна. У 1958 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб у Мінскім медыцынскім інстытуце. У 1961—1964 гг. асістэнт кафедры, з 1963 г. дацэнт. У 1962 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1964—1973 гг. працаваў на пасадзе дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута гематалогіі і пералівання крыві і адначасова быў галоўным гематолагам Міністэрства аховы здароўя БССР. У 1971 г. абараніў доктарскую дысертацыю. З 1974 г. на пасадзе загадчыка кафедры прапедэўтыкі ўнутраных хвароб Мінскага медінстытута. У 1982—1983 гг. кансультант бальніцы ў Мангольскай Народнай Рэспубліцы. У 1983—1989 гг. зноў на пасадзе загадчыка кафедры Мінскага медыцынскага інстытута. У 1990—1993 гг. загадчык лабараторыі гематалогіі Навукова-даследчага інстытута радыяцыйнай медыцыны, з 1993 г. галоўны навуковы супрацоўнік гематалагічнага аддзела Навукова-даследчага інстытута гематалогіі і пералівання крыві. Аўтар навуковых прац па гематалогіі, пульманалогіі, трансфузіялогіі, праблемах удасканальвання метадаў стабілізацыі кансервавання крыві і інш. Аўтар больш за 400 навуковых прац, сярод якіх 6 манаграфій і 14 вынаходніцтваў. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі. З 1968 г. быў старшынёй Рэспубліканскага навуковага таварыства гематолагай і трансфузіёлагаў.
Аўтар кніг публіцыстыкі і мемуараў “Записки западного белоруса, 1937—1945: политика и война глазами очевидца и участника” (Минск, 2006, 2007, 2011, 2012; Москва, 2006,), “Размышления западного белоруса” (Минск, 2009, 2012), “Неудобная история глазами западного белоруса” (Минск, 2009), “Забытые уроки истории” (Минск, 2010), “История не из учебника” (Минск, 2012), “Ненужная война” (Минск, 2013), “Недовоевавшие” (Минск, 2014), “Западная Беларусь. Пережитые режимы” (Минск, 2014), “Византийское наследие” (Смоленск, 2015), “Преступление без покаяния” (Минск, 2016), “Подзабытая война” (Минск, 2016), “Капкан” (Смоленск, 2017), “Катынь: мифы и реальность” (Минск, 2017), “Западная Беларусь: люди и судьбы” (Смоленск, 2018), “36 год” (Смоленск, 2019), “Брестская крепость. Правда и мифы” (Минск, 2019), “Дорога в никуда, или Кто главный архитектор Второй мировой войны?” (Минск, 2020), “Брестская Уния” (Минск, 2021), “Судьба польских евреев” (Минск, 2021).