Дабравольскі Уладзімір Мікалаевіч (11.8.1856, в. Краснасвяцкае, цяпер Пачынкаўскі р-н Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920, Смаленская вобл., Расія). Этнограф, публіцыст.
Нарадзіўся ў сям’і чыноўніка-двараніна. У 1868—1976 гг. вучыўся ў Смаленскай гімназіі, у 1880 г. закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам Смаленскай жаночай гімназіі. З 1883 г. перабраўся ў свой маёнтак, збіраў этнаграфічны, фальклорны і лінгвістычны матэрыял. З 1902 г. працаваў інспектарам народных вучылішчаў у Разанскай губерні, у 1906—1907 гг. — у Ельнінскім павеце Смаленскай губерні. З 1918 г. выкладаў на чырвонаармейскіх курсах у Смаленску, у Беларускім народным універсітэце ў Маскве, у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі, Смаленскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута. Падтрымліваў сувязь з А. Шахматавым, Я. Карскім, І. Ягічам і інш. Забіты невядомымі бандытамі пад Смаленскам.
Пахаваны ў в. Данькава, Пачынкаўскага раёна Смаленскай вобласці, РФ.
Займаўся краязнаўчай працай ад студэнцкіх часоў. Выдаў “Смаленскі этнаграфічны зборнік” (т. 1—4, 1891—1903), пісаў артыкулы мовазнаўчага характару. Найбольш каштоўная праца — “Смаленскі абласны слоўнік” (1914), у якім распрацавана 16560 артыкулаў з дыялектнымі словамі руска-беларускага памежжа.