Бялевіч Антон Пятровіч (14(27).5.1914, в. Дуброўка, Уздзенскі р-н Мінскай вобл. — 11.4.1978, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1943 г.
Вучыўся ў Магілеўскім палітасветным інстытуце (1933—1935). Працаваў загадчыкам аддзела пухавіцкай раённай газеты “За калгасы”, нарысістам у газеце “Чырвоная змена”, у 1939—1945 гг. — у газеце “Звязда”. У час Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у партызанскім руху на Віцебшчыне, закідваўся ў тыл ворага. У 1945—1947 гг. загадчык аддзела паэзіі газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1947—1950 гг. нарысіст газеты “Савецкі селянін”. Сябра СП СССР з 1943 г. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першы верш апублікаваны ў 1938 г. (газета “Літаратура і мастацтва”). У 1945 г. у Маскве выйшаў першы зборнік паэзіі “Человек из дубравы” ў перакладзе на расейскую мову, у Мінску — вершаваная казка “Мароз-партызан”. Аўтар кніг паэзіі “На бацькоўскіх сцежках” (Мінск, 1946), “Свята” (Мінск, 1947), “Чалавек-сонца” (Мінск, 1947), “Паэмы” (Мінск, 1948), “Светач” (Мінск, 1950), “Дарогай шчасця” (Мінск, 1952), “Жывая рака” (Мінск, 1955), “Хлеб і нахлебнікі” (Мінск, 1957), “За салаўінымі гаямі” (Мінск, 1959), “Вясёлка над полем” (Мінск, 1961), “Залатыя ключы” (Мінск, 1963), “Высокі поўдзень” (Мінск, 1964), “Рэха навальніц” (Мінск, 1965), “Партрэт бацькаўшчыны” (Мінск, 1967), “Вінтоўка і плуг” (Мінск, 1968), “Любоў мая” (Мінск, 1971), “Гарынь” (Мінск, 1972), “А ў бары, бары” (Мінск, 1974), “З Дуброўкі краіна відна” (Мінск, 1974), “Сонцам заручоныя” (Мінск, 1975), “Сонечны гадзіннік” (Мінск, 1978), “Сосны ў жыце” (Мінск, 1980), “Мой шчодры бор” (Мінск, 1985). Выдаў зборнік вершаваных фельетонаў “Маштабны Міканор” (Мінск, 1963). Напісаў для дзяцей кніжкі паэзіі “Ідзі, мой сын” (Мінск, 1953), “Тарасікава дарожка” (Мінск, 1962), “Дабрадзейны асілак” (Мінск, 1973), “Партызанскі рыбачок”, (Мінск, 1976), аповесць “Малюнкі маленства” (Мінск, 1977).
Аўтар дакументальнай аповесці “Мінай Шмыроў” (Мінск, 1970), кніг нарысаў “Майстры сацыялістычнага земляробства” (Мінск, 1939), “Сонечным шляхам” (Мінск, 1950), “Добрыя людзі” (Мінск, 1957), “Людзі робяць вясну” (Мінск, 1959), “З добрай доляй заручоныя” (Мінск, 1960), “Хатынь: боль і гнеў” (Мінск, 1971), “Споведзь сэрца” (Мінск, 1978), кнігі літаратурных партрэтаў “Чарадзеі” (Мінск, 1970). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1968—1969).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 330).