Барыс Сымон Вікенцьевіч (нар. 20.5.1937, в. Касічы, Вілейскі р-н Мінскай вобл.). Педагог, журналіст, фалькларыст, этнограф, гісторык. Сябра СБП.
Закончыў гістарычна-філалагічны факультэт Наўгародскага педагагічнага інстытута (1965), аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН. Выкладаў гісторыю ў Сергаўскай школе Наўгародскага і Браўкоўскай школе Мінскага раёнаў, рускі фальклор і старажытнарускую літаратуру ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. У 1977 г. пасяліўся ў Мінску. Працаваў загадчыкам навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, рэдактарам часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе” (з 1993 г. “Роднае слова”). У 1992—2012 гг. займаў пасаду рэдактара аддзела методыкі выкладання гісторыі ў рэдакцыі “Беларускага гістарычнага часопіса”. Аўтар публікацый па праблемах фальклору, этнаграфіі і культуры. Выдаў кнігі “Беларускія імёны: Дапаможнік для маладых бацькоў” (Мінск, 2001), “Страты Беларусі, або Доля беларускага народа” (Мінск, 2005), “Сцежкамі дзядоў” (у суаўтарстве з А. Лакоткам, Мінск, 1986), “Сыны і пасынкі Беларусі” (як укладальнік; Мінск, !996), “Як у нас клічуць? Беларускія імёны” (Мінск, 2010), “Адзінкі вымярэнняў: даўнія і сучасныя” (Мінск, 2012), “Беларускія песні і гімны” (Мінск, 2012), “Нарачанка і яе берагі” (у сааўтарстве з А. Рогачам; Мінск, 2013), “Сцежкамі дзядоў: народны быт беларусаў” (Мінск, 2015), “Бліскавіцы над Заслаўем” (Мінск, 2015), “Нарачанскі край: ад Спяглянкі да Вяллі” (у суаўтарстве з А. Рогачам; Мінск, 2016), “Каляндар гісторыі Беларусі” (Мінск, 2018), “Военачальнікі з Беларусі: XVIII — ХХ стст.” (Мінск, 2018), “Вёска Бараўцы ў Нарачанскім краі” (у суаўтарстве з А. Рогачам; Мінск, 2019), “Гонар і слава Беларусі” (Мінск, 2020), “Касічы на нарачанцы: падзеі і людзі” (Мінск, 2022), “Жодзішкі на Віліі” (Мінск, 2022), “Новгородские очерки и новеллы” (Минск, 2022).