Барсток Марына (Марыя) (15.4.1916, в. Наркавічы, цяпер Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл. — чэрвень 1994, Мінск). Літаратуразнаўца.
Скончыла Полацкі педагагічны тэхнікум (1935). Два гады настаўнічала ў мястэчку Ветрына на Віцебшчыне. Вучылася завочна ў Магілеўскім педагагічным інстытуце, з 1937 г. студэнтка Менскага педагагічнага інстытута. У 1939 г. была накіравана працаваць загадчыкам аддзела культуры брэсцкай абласной газеты “Заря”. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны выехала ў Горкаўскую вобласць. У 1945 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым аспірантуру пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1959—1979 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1951 г.
Пахаваная на Паўночных могілках Мінска. У друку пачала выступаць з 1934 г. Напісала кнігі “Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа” (Мінск, 1951), “Пятро Глебка” (Мінск, 1952), “Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе” (Мінск, 1959, 1973), “Максім Багдановіч” (Мінск, 1961, 1974), “Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі” (Мінск, 1973), “Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна” (Мінск, 1984). Выдала брашуры “Пятрусь Броўка” (Мінск, 1955), “Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр” (Мінск, 1958), “Максім Танк” (Мінск, 1962), “Вялікі Кастрычнік і беларуская літаратура” (Мінск, 1977) і інш.