Барадулін Рыгор Іванавіч (24.2.1935, хут. Верасоўка, Ушацкі р-н Віцебскай вобл. — 2.3.2014, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СБП.
Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1959). Працаваў рэдактарам ў газеце “Советская Белоруссия”, часопісах “Бярозка” і “Полымя”. З 1969 г. — у выдавецтве “Беларусь”, з 1972 г. — у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Быў адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-Цэнтра, яго прэзідэнтам з 1990 г. Быў сябрам Партыі БНФ, яе Сойму (з 1989 г.). У 1995—1997 гг. быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса.
Пахаваны на могілках г. Ушачы Віцебскай вобласці.
Дэбютаваў вершамі ў 1953 г. у газеце “Чырвоная змена”. Аўтар кніг паэзіі “Маладзік над стэпам” (Мінск, 1959), “Рунець, красаваць, налівацца!” (Мінск, 1961), “Нагбом” (Мінск, 1963), “Неруш” (Мінск, 1966), “Адам і Ева” (Мінск, 1968), “Маўчанне перуна” (Мінск, 1986), “Самота паломніцтва” (Мінск, 1990), “Міласэрнасць плахі” (Мінск, 1992), “Евангелле ад Мамы” (Мінск, 1995), “Ксты” (Мінск, 2005), “Руны Перуновы” (Мінск, 2006) і інш. Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў “Дойны конь” (Мінск, 1965), “Станцыя кальцавання” (Мінск, 1971), “Прынамсі…” (Мінск, 1977), “Амплітуда смеласці” (Мінск, 1983), “Мудрэц са ступаю” (Мінск, 1988) і інш., эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва: альбом “Няўрокам кажучы” (Мінск, 1971), шаржы М. Лісоўскага; “Абразы без абразы” (Мінск, 1985), шаржы К. Куксо. Творы для дзяцей склалі зборнікі “Мех шэрых, мех белых” (Мінск, 1963), “Красавік” (Мінск, 1965), “Экзамен” (Мінск, 1969), “Ай! Не буду! Не хачу!” (Мінск, 1971), “Суровая вымова” (Мінск, 1976), “Што было б тады, калі б?” (Мінск, 1977), “Ці пазяхае бегемот?” (Мінск, 1981), “Азбука не забаўка” (Мінск, 1985), “Індыкала-кудыкала” (Мінск, 1986), “Кобра ў торбе” (Мінск, 1990). Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ “Парастак радка, галінка верша” (Мінск, 1987). Усяго творчая спадчына складаецца больш чым з сотні выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (Мінск, 1984, 1996—2002). Багата вершаў былі пакладзены на музыку. Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім орднам Трох Зорак, медалём Францыска Скарыны. Апошні беларус, якому нададзена званне Народнага паэта Беларусі (1992). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1976), Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976). Быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры (2006). Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 524).