Багдановіч Адам Ягоравіч (20.3(1.4.).1862, м. Халопенічы, цяпер Крупскі р-н Мінскай вобл. — 16.4.1940, Яраслаўль, Расія). Этнограф.
Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1882). У 1885—1891 гг. працаваў загадчыкам 1-га гарадскога пачатковага вучылішча Мінска. З 1892 г. служыў у Гродзенскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. У 1896 г. пераведзены ў Ніжні Ноўгарад, у 1908 г. пераехаў у Яраслаўль. У 1920—1931 гг. загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага дзяржаўнага музея. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах. У 1932 г. арыштаваны ДПУ, праз тры тыдні вызвалены па хадайніцтве Кацярыны Пешкавай. Быў сябрам Максіма Горкага і яго сям’і. Быў бацькам Максіма Багдановіча.
Пахаваны ў Яраслаўлі.
З 1886 г. пачаў выступаць у перыядычным друку з артыкуламі па гісторыі, этнаграфіі, народнай асвеце і інш. Аўтар кнігі “Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: этнографический очерк” (Гродно, 1895; Минск, 1995, 2020; Москва, 2009, 2015), а таксама выдадзеных ужо пасля смерці працы “Язык земли: население Верхнего Поволжья, Оки и Камы: этнологический очерк по данным водо-речной номенклатуры и другим материалам” (Ярославль, 1966, 1986) і мемуараў “Страницы из жизни Максима Горького; Материалы к биографии Максима Богдановича; Мои воспоминания” (Минск, 1965) і “Я всю жизнь стремился к свету” (Кн. 1—2, Минск, 2012).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі. Збор матэрыялаў сям’і Багдановічаў захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 153), а таксама ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.