Аўрамчык Мікола Якаўлевіч (14.1.1920, в. Плёсы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 8.5.2017, Мінск). Паэт, мемуарыст. Сябра СП з 1947 г.
У 1938 г. паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты “Піянер Беларусі”. У часе Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон і вывезены фашыстамі ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вайны працаваў на аднаўленні Данбаса. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949). Працаваў у рэдакцыях газет “Чырвоная змена”, “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Полымя”. У 1953—1980 гг. рэдактар аддзела паэзіі часопіса “Маладосць’. Сябра СП СССР з 1947 г. Узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Першыя вершы апублікаваў у 1937 г. у бабруйскай газеце “Камуніст”. Аўтар кніг паэзіі “Пярэдні край” (Мінск, 1949), “Шляхамі дружбы” (Мінск, 1952), “Совершеннолетие” (Москва, 1953), “Ключы жураўліныя” (Мінск, 1960), “Дороги моего края” (Ленинград, 1960), “Сустрэча былых канагонаў” (Мінск, 1963), “Універсітэцкі гарадок” (Мінск, 1967), “Агледзіны” (Мінск, 1969), “Як на далоні” (Мінск, 1970), “Дрэва дружбы” (Мінск, 1973), “Прозрение” (Москва, 1973), “Вадовішча” (Мінск, 1976), “Анкета” (Мінск, 1990), “Запрашэнне да роздуму” (Мінск, 1994), рамана “У падзямеллі” (Мінск, 1986), аповесці “Палон” (Мінск, 1991), нарысаў “Знаёмыя постаці” (Мінск, 2004). Выдаў зборнік вершаў для дзяцей “Дружба” (1950). Выйшлі “Выбранае” (Мінск, 1976) і Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1980), у адным томе ў серыі “Беларускі кнігазбор” (Мінск, 2015). Пераклаў на беларускую мову творы Дж. Байрана, А. Міцкевіча, Л. Украінкі, І. Франка, М. Джаліля, Г. Эміна, С. Міхалкова, В. Бычко, М. Нагнібеды і інш. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964).