Алексіевіч Святлана

Алексіевіч Святлана Аляксандраўна (нар. 31.05.1948, г. Івана-Франкоўск, Украіна). Празаік, публіцыст. Сябра СБП. Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015).

Нарадзілася ў сям’і ваеннаслужачага. У 1950 г. з бацькамі пераехала ў Мазыр (Беларусь). Пасля заканчэння Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна (1965) працавала выхавацелькай Асавецкай школы-інтэрната, а затым настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёна. У 1966 г. працавала ў нараўлянскай раённай газеце “Прыпяцкая праўда”. У 1972 г. скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Накіравана ў бярозаўскую раённую газету “Маяк камунізма”. У 1973—1976 гг. працавала ў рэспубліканскай “Сельской газете”, у 1976—1984 гг. — загадчыца аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса “Неман”. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1983 г. Узнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. З 2020 г. жыве ў Германіі.

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1975 г. Піша на рускай і беларускай мовах. У перыядычным друку выступае з нарысамі. Аўтар дакументальных кніг “У войны — не женское лицо” (Минск, 1985; Москва, 1988; па-англійску: Масква, 1988; па-беларуску: 1991), “Апошнія сведкі“ (Мінск, 1985; па-руску: Москва, 1985), “Цинковые мальчики” (Москва, 1990; па-беларуску: Мінск, 1991), “Зачараваныя смерцю” (Мінск, 1993), “Чернобыльская молитва” (Москва, 1997; па-беларуску: Мінск, 1999), “Время секонд хэнд” (Москва, 2013; па-беларуску: Мінск, 2018). Паводле кнігі “У войны — не женское лицо” напісала п’есу (пастаўлена ў 1985 г. у многіх тэатрах краіны і за мяжой) і сцэнарыі аднайменнага цыкла дакументальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і “Сярэбраным голубам” на міжнародным кінафестывалі ў Лейпцыгу), дакументальных стужак “Бацькоўскі дом”, “Партрэт з вяргіняй”, “Гэтыя незразумелыя старыя людзі” і інш. Аўтарка п’есы “Марутка” (пастаўлена ў 1988).

Лаўрэткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Акрамя таго, лаўрэатка літаратурных прэмій СП СССР імя М.Астроўскага (1984), імя К.Федзіна (1985) і прэміі Ленінскага камсамола (1986), прэміі Курта Тухольскага (1996), прэміі “Трыумф” (Расія, 1997), прэміі Гердэра (1999), прэміі Рэмарка (2001), Нацыянальнай прэміі крытыкі (ЗША, 2006), прэміі Angelus (2010), узнагарода імя Капусцінскага (Польшча, 2011), прэміі міру Нямецкага кнігагандлю (2013), кітайскай кніжнай прэміі “Вэньдзінь” (2016), прэміі імя Ганны Паліткоўскай (2018), прэміі Цэнтральнаеўрапейскага форума “Ганароваму грамадзяніну Цэнтральнай Еўропы” (2018), прэміі Іржы Тайнера (2022). Узнагароджана медалём да 100-годдзя БНР (2018), Вялікім крыжом 1-й ступені Ордэна “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія” (2021), з’яўляецца афіцэрам Ганаровага ордэну мастацтваў і літаратуры Французскай Рэспублікі (2014).