У канцы 2024 году ў выдавецтве “Скарына” мае выйсці ўнікальная кніга этнамузыколага Вольгі Барышнікавай “І даўней так пелі. Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі”. І цяпер адкрыты збор сродкаў на выданне праз краўдфандынгавую платформу Gronka.org.
Стараверы паўночна-заходняй Беларусі — гэта нашчадкі перасяленцаў з Масковіі, якія беглі ў Вялікае Княства Літоўскае ад пераследу за “старую веру”. Больш за 300 гадоў яны жылі побач з аўтахтоннымі беларусамі. Іх закрыты лад жыцця доўгі час спрыяў захаванню ўласнай культуры ўнутры абшчыны. Аднак сацыяльна-гістарычныя працэсы другой паловы XX ст. не абмінулі і іх: стараверы пераязджалі з аддаленых хутароў у вялікія поліканфесійныя вёскі, траплялі ў калгасы, бралі ўдзел у супольным жыцці і ўступалі ў змяшаныя шлюбы. Усё гэта натуральным чынам спрыяла культурнаму ўзаемаабмену паміж стараверамі і карэнным насельніцтвам, у тым ліку паўплывала на адметную этнамузычную традыцыю старавераў, якая злучае ў сабе карэннае і запазычанае.
Кніга амаль у 100 старонак змяшчае 45 нотных і тэкставых транскрыпцый песень з навуковымі каментарыямі, уступны артыкул, архіўныя фотаздымкі, расшыфроўкі экспедыцыйных гутарак і аўдыядадатак. Выданне падрыхтаванае ў трох моўных варыянтах.
Таксама пра будучую кнігу можна паслухаць у эпізодзе падкастку VANDRA, госцяй якога стала аўтарка Вольга Барышнікава.
Падкаст таксама можна слухаць на іншых лічбавых пляцоўках.