Выйшла “Акадэмія доктара Клякса” Яна Бжэхвы з шыкоўнымі ілюстрацыямі

Выдавецтва “Папуры” выпусціла новую кнігу для дзяцей і ўсіх аматараў магіі ды багата ілюстраваных выданняў.

“Акадэмія доктара Клякса” — адзін з самых вядомых і папулярных фантастычных дзіцячых твораў польскай літаратуры аўтарства Яна Бжэхвы. Гэта гісторыя пра чарадзейную школу без павучанняў і маралізатарства. На беларускую мову твор пераклала Алена Пятровіч, а мастачкай і дызайнеркай кнігі выступіла Лізавета Лянкевіч.

“Паколькі твор ужо можна назваць класічным і з 1946 года ён выдаваўся шмат разоў і з рознымі ілюстрацыямі, мне хацелася зрабіць нешта больш сучаснае і арыгінальнае як у канцэптуальным, так і ў візуальным плане, — тлумачыць мастачка. — Кожны раздзел зроблены ў сваёй асобнай тэхніцы: дынамічныя плямістыя кампазіцыі і анімацыя на палях, калаж, раскадроўка, комікс і інш., — каб перадаць багацце гісторый і ўражанняў, паказаць шырыню і непаўторнасць дзіцячай фантазіі”.

У кнізе 270 старонак і 120 ілюстрацый.

Продаж кнігі па самым нізкім кошце стартуе 2 верасня ў менскай кнігарні “Параграф, 45”. А з 12-й да 14-й гадзіны можна будзе прыдбаць асобнік з подпісам ілюстратаркі.