Выдавецтва “Логвінаў” выпусціла пераклад з польскай раману Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча “Кар’ера Мікадзіма Дызмы”, які ўпершыню быў надрукаваны ў 1932 годзе.
Пераклад махлярскага раману на беларускую мову здзейсніў Алесь Емяльянаў-Шыловіч. Дызайн вокладкі — Кацярына Пікірэня.
Як апавядае анатацыя, дзеянне раману адбываецца ў Польшчы часоў Юзафа Пілсудскага: сталічнай Варшаве і маёнтку заможнага землеўласніка Кабарова пад Гродна. Галоўны герой — правінцыял, чалавек без адукацыі, выхавання, прынцыпаў і асаблівых здольнасцяў, гультай, прайдзісвет — становіцца не абы-кім, а старшынём Нацыянальнага Збожжавага Банку. Дзякуючы свайму метаду — меней гаварыць і болей падслухоўваць — Дызма выдае чужыя думкі за свае і робіцца сваім сярод арыстакратыі, атрымлівае ўласныя грошы, каханне жанчын і ўсеагульную любоў як уладальнік “моцнай рукі”. Прэзідэнт Рэспублікі ў крызісны момант прапануе яму ўзначаліць урад…
Купіць можна на сайце выдавецтва ці, напрыклад, у кнігарні “Кніжная Шафа”
Тадэвуш Далэнга-Мастовіч (1898–1939) — празаік, сцэнарыст і журналіст беларускага паходжання, які нарадзіўся на Глыбоччыне. Трагічна загінуў на самым пачатку Другой сусветнай вайны. Аўтар сямнаццаці папулярных раманаў і некалькіх кінасцэнараў. Па-беларуску ў 2016 годзе выходзіў ягоны раман “Знахар”.
галоўнае фота адсюль