З нагоды 100-гадовага юбілею Васіля Быкава “Будзьма” публікуе эсэ літаратурнага крытыка Ціхана Чарнякевіча пра творчасць выбітнага пісьменніка.
Калі глядзіш на фотаздымак Васіля Быкава, звычайна думаеш пра ашчаднасць на эмоцыю. Ды што ў гэтым сцверджанні чуецца — знаёмае кожнаму: «Чаму ты сёння такі хмурны?» Уяўная змрочнасць, што маецца на ўвеце і нібыта хаваецца пад хмурнасцю — гэта проста шэрая журба, уласцівая мільёнам людзей.
Калі б на чыюсьці прыхамаць трэба было б сканцэнтраваць усю творчасць і асобу Васіля Быкава ў адным слове, то я, напэўна, вымавіў бы слова «адзінота».
Яно не зусім звычнае: Быкаў вядомы сваёй актыўнай грамадскай дзейнасцю, шмат хто называў і называе яго сваім сябрам, да яго, бясспрэчна, заўжды хінуліся.
Аднак я пішу эсэ і мне дазволена рабіць гіпотэзы.
***
Адзінота — гэта заўсёды спадзяванне, чаканне на добрую вестку.
У Быкава рэтраспектыўнасць, унутраныя маналогі персанажаў падкрэсліваюць іх адзіноту, нязлітнасць адно з адным, разасобленасць — навідавоку індывідуальнасць кожнага героя, не спалучаная і неспалучальная з чужым досведам.
«Усё ў сабе» (такая самахарактарыстыка ёсць у лісце да Еўдакіі Лось). Праз гэтае «ў сабе» — імкненне да псіхалагізму, раскопкі кар’еру свайго «эга», гэтак ён калісьці назваў свой раман. Персанаж становіцца «я» пісьменніка. Нездарма ў многіх аповесцях ёсць асноўны персанаж, вакол якога і круціцца ўсё. «Круціцца» ў прамым сэнсе, бо нават і апісальныя моманты, той жа пейзаж, адлюстроўваецца не аб’ектыўна, а суб’ектыўна — праз свядомасць гэтага героя. Спачатку ўсе разасобленыя свядомасці ўваходзілі ў адзіны голас апавядальніка. Але па нейкім часе Быкаў стаў разасабляць іх. Што адразу выклікала крытыку — адлюстраванне подласці «асабіста» Сахно ў «Мёртвым не баліць» было вынікам саштурхоўвання аднастайнасці выказвання і аднамернасці героя — праз поўную супрацьлегласць, праз героя-антаганіста. Быкаў шукае вобраз таго, з кім нельга пагадзіцца і імкнецца сутыкнуць супрацьлегласці. Пазней гэта пераробіцца, як і належала, у адметныя галасы кожнага персанажа — пры неспалучальнасці гэтых свядомасцей яны перастануць быць адной плынню апавядальніка — стануць самі сабой, зажывуць асобна.
Самотная, але несамадастатковая душа ў выведванні выхаду — з надзеяй, што пачуе, зразумее нехта яшчэ. Як гэта бязмежна далёка ад філасофіі калектывізму, ды і наогул ― «партыйнай народнасці», у тагачасным савецкім разуменні.
Гісторыя паводле Быкава — няспынная хада ў невядомае мірыядаў самотных душ, і ў кожнага — свая зямля і свая вайна: дэталі, вылазкі, паразы. Тое, што ўсё гэта пасля абрынаецца ў небыццё, для агностыка-Быкава і ёсць асноўным «парадоксам жыцця», збоем, памылкай рэальнасці.
Народ у гэтым выпадку таксама бачыцца хаатычна сплеценым суплётам індывідуальнасцяў, аб’яднаных толькі веданнем закону людскасці (Быкаў любіў гэтае слова Максіма Гарэцкага). Такая рыса і зводзіць у адно падобнае і расштурхоўвае несумяшчальнае. Народ у «Знаку бяды» мае меру ўсіх рэчаў, і калі яго пазбаўляюць той меры ― пачынаецца трагедыя, за якой цугам ідуць боль, несправядлівасць, беднасць, смерць.
***
Ужо з таго самага даўняга часу 1950-х, калі Быкаў, праз упартае і настойлівае змаганне з самім сабой, пазбавіўся героікі і пафаснай рыторыкі савецкага пісьменніка-пачаткоўца, ягоны метад — успышка. Каб пазбегнуць чыстай сюжэтнасці ён уражвае ― паказвае малапрывабнае, страшнае, выгляд чаго не мог не бянтэжыць савецкага пурытанскага чытача і крытыка, цэнзара. Што часткова дазволена было ў перакладных кнігах, тое жорстка выкаранялася галоўлітам. Дзяржава, якая закатавала сотні тысяч ні за што, пыжылася, каб ніводзін сумнеўны радок, вобраз ці нават эпітэт не праскочыў у друк.
Усё гэта, канечне, скончылася потым, калі ўсе кінуліся «закрываць гештальт».
Паглыблення ў «вельмі-рэалізм» (Алесь Разанаў), бясспрэчна, у Быкава не адбылося — занадта цнатлівы ў гэтым сэнсе быў аўтар. Што і было паказальна. Быкаў не пачаў атрымліваць асалоду ад сузірання распаду. Наадварот. Калі прыгадваць нават і найбольш жорсткі творы, такія, як «Ваўчыная яма», то і там не адшукаеш гэтага цынічнага «скрозь зубы» стаўлення да чалавечага становішча. Хутчэй ― шкадобу да новых рабінзонаў ці ― партызанаў, якіх выкінула на ўзбочыну: туды, дзе апынуўся, па вялікім рахунку, і сам Быкаў.
***
Успышка — як навізна. Таму вельмі блізкі яму «ваенны» Гарэцкі. І, зноў жа, аб’ёмнейшыя творы Гарэцкага — расцягнутыя і часам з ухілам у этнаграфізм, — з быкаўскім метадам не маюць нічога супольнага. Быкаў ад пачатку адмаўляецца ад стылізацый на карысць «тагачаснай сучаснасці». Пасля яго акурат абвінавачвалі ў адштурхоўванні сучаснасці, маўляў «усё пра вайну ды пра вайну», але ў многіх пісьменнікаў, якія пісалі пра «бягучы момант», стыль быў як квяцістая хустачка.
Быкаў ледзь не адзінае выключэнне, калі адмова ад ускладненага сінтаксісу, экспрэсіўнасці выказвання (Стральцоў, Брыль, Пташнікаў) прывяла да пазітыўных вынікаў. Безумоўна, ён быў такі не адзін. Але ён адзін, як кажуць, «выйшаў у людзі» менавіта праз гэта.
Адмоўная ацэнка слова-спельства, слоўнай квяцістасці — слушная. Але ў пэўны час такое стаўленне да пісьма канфліктавала з рытарычным канонам афіцыйнага стылю партыйных дакументаў. Вялася несціханая, але патаемная спрэчка паміж афіцёзным і стылёвым (яна і цяпер не скончаная, на жаль ці на шчасце). Занурыцца ў словы было вызваленнем. Па сутнасці ― праз магчымасць гаварыць па-іншаму ды і проста — чалавечай мовай у друку. Што выбівала рэзкі кантраст з мовай афіцыёзу, якая прагнула стаць «нормай», стаць «прывілеяванай». Але афіцыйны стыль заўсёды прайграе бітву.
Быкаў жа вёў у гэты час вайну на іншай тэрыторыі.
***
Можа, праз усю творчасць, а ў позніх творах дык найбольш і найчасцей, праходзіць Гавелава тэма сілы і бяссілля. Быкаў, які часта гаварыў пра магчымасці чалавека, павінен быў спыніцца перад відавочным, якое тым не менш прыгнятала яго ці не мацней за ўсе чалавечыя войны. «Чала я не хіліў прад сілай», ― пісаў Ластоўскі, аднак закатавалі і яго. Што ж тады казаць пра савецкіх смяротных, ад якіх кожны дзень патрабуюць кампрамісаў, а тады і поўнага падпарадкавання сваёй волі? Менавіта адсюль, з гэтага адчування важнасці сілы, улады пачынаецца іншы Быкаў ― «Аблава», «Сцюжа», «Жоўты пясочак», «На Чорных лядах» «Ваўчыная яма», урэшце — «Афганец». Тэма гэтая хвалюе яго да апошніх дзён: інэртнасць чалавечай асобы ― непераадольная цяга да самааслаблення, самашкадавання і, пасля здрады, да самаапраўдання.
Ён ― пісьменнік трагічнага, эсхаталагічнага светаадчування, у той жа час яго ніколі не пакідала пачуццё рэальнасці. Творы поўняцца канкрэтыкай — фактамі, учынкамі, гукамі, пахамі — і толькі майстэрства прымушала спыняць гэты карнавал рэчаіснасці і складацца ў лаканічную, стрыманую карціну. Бадай вось гэтая лаканічнасць, гэты бёлеўскі халадок (нездарма Быкаў пісаў пра «нямецкі стыль сучаснай прозы», нібы намякаючы на Бёля) і вабіў чытача. Быкаў сціскаў прастору і час да канкрэтнай кропкі, і кропка пачынала пульсаваць. Для ваеннай прозы 1950-х больш характэрнай была гераічная каша — «абавязкова давесці героя да Берліна». Быкаў жа абмяжоўваўся адным-двума днямі, адной вёскай, вышынёй, і чытачу пачынала здавацца, што час цяче прыкладна аднолькава з яго ўласным часам, які ён аддае на чытанне.
Асабліва важнай была тэма вартасці / нявартасці жыцця: ледзь не ў кожнай аповесці нехта канчае самагубствам. Умова выбару і цікавіла: не сам выбар, а ўмова, пры якой ён робіцца — што прыносіцца ў ахвяру, якая стаўка зробленая.
У будучыню ён глядзеў з надзвычайнай скрухай. Насцярожанасць і недавер бліскалі ў кожным творы, запісе, інтэрв’ю апошніх гадоў. Так, заўсёды хочацца жыць у Беларусі Караткевіча, Коласа і Багдановіча. Але ці была і ці будзе калі-небудзь такая Беларусь?
З быкаўскай Беларусі хочацца сысці і зрабіць іншую краіну, перайначыць яе, каб яна больш ніколі «вось такой вось» не была.
***
Імя Быкава не так часта пульсуе ў літаратурнай штодзённасці. Яго не так і шмат чытаюць. Хутчэй, на нашых вачах ствараецца быкаўскі міф, дзе сам пісьменнік нярэдка апынаецца ў сітуацыі, якую любіў апісваць ва ўласных творах.
Я маю на ўвазе кафкіянскую сітуацыю пасткі, кожнае выйсце з якой не з’яўляецца ратавальным. Кнігі Быкава чытаюцца цяпер праз оптыку біяграфіі аўтара, ёю тлумачацца, ёю, на жаль, вельмі часта і завяршаюцца. Ад дзясяткаў аповесцей застаўся няўлоўны арэол (для некага — німб), дакрананне да якога абяцае саўдзел у роздуме над неаформленым, нявысветленым, недасканалым, выгінастым, як акрабат, быццём. Можа быць, гэта найлепшае, што можа здарыцца з тваёй кнігай, але дакладна не найлепшае для разумення і аналізу.
Што паробіш, усе сэнсатворныя вектары, што прамянямі разыходзяцца ад твора, пісьменнік не можа злавіць, пералічыць, а нават часам і заўважыць. Хоць рэдка, хоць як, але Быкава сёння чытаюць ― значыць, традыцыя ёсць. Няхай «школы» і не ўтвараецца.
***
Васіль Быкаў ― бясспрэчна, адзін з беларускіх аўтараў метафізікі. Усё, што пішацца пра смерць, з ёю звязана, скажам так, гістарычна.
Метафізічная плынь у літаратуры існуе незалежна ад варункаў таго ці іншага перыяду. Перш за ўсё яна выступае наперад, тыркае іголкай у пухір будзённасці. Парушае «плынь» літаратуры сваёй прысутнасцю, змушае яе змяняцца. Сёння метафізічная плынь набыла іншыя формы, зусім не такія, як у часы Быкава. У іншых праявах, канечне, паўстае і «літаратура паверхні».
***
Помню, у школе беларуская літаратура не выклікала ў мяне якой-кольвек цікавасці. Але аднойчы (здаецца, у сёмым класе) я прачытаў у падручніку «твор для пазакласнага чытання» — «На чорных лядах». Адэкватна перадаць уражанні, бадай, не змагу: апавяданне проста расціснула мяне ў блін, і яшчэ тыдзень я хадзіў і паўтараў: «Можна і так пісаць? І пра гэта?» Неяк так атрымалася, кароткі тэкст з падручніка адкрыў мне магчымасці літаратуры. Зямля зазыбалася пад нагамі, прайшло шмат часу пакуль я змірыўся з самім існаваннем гэтага тэксту. Потым было шмат усяго, але першае заўсёды першае.
Ці то ў жніўні, ці то ў верасні 2003 года брат прывёў мяне, першакурсніка, на Усходнія могілкі. Ужо быў вечар, крапаў невялікі дождж. Праз, напэўна, сотні вянкоў і букетаў з кветкамі магіла Быкава выглядала вялікім паўшарам. Я стаяў перад ёй, і мроілася, што там, у зямлі, таксама хтосьці вельмі вялікі. Нібы казачны волат у кургане, ён ляжыць, спіць — і пад маімі нагамі, і пад усімі могілкамі, і нават у асфальце на шашы, па якім праносяцца праз імжу машыны, таксама адчуваецца прысутнасць Васіля Быкава. Гэтае насланнё яшчэ доўга не праходзіла.
***
Адлюстраванне абсурду якраз і магчымае на фоне звычайнага. Як тыя брэйгелеўскія сляпыя, што падаюць у цемру смерці на фоне банальнага, спакойнага і звычнага пейзажу.
Шмат каму проза Быкава была даспадобы тым спакоем і той цвёрдасцю, якія, мяркуючы па выдадзеных сёння мемуарна-эпісталярных матэрыялах, няпроста даваліся самому аўтару. Нават апавядаючы пра бой, пісьменнік знаходзіў словы, каб сцісла выкласці яго рэалістычную аснову, эмоцыі падаваліся крыху адчужана, бо вайна, напэўна, патрабуе гэтага адчужэння.
Часам, адчужаючы, пачынаеш пералічваць, структураваць, парадкаваць. Паглыбленне ў гэта запавольвала сюжэт і прыводзіла да эсэістычнасці.
***
Кожны твор ― спроба выбрацца з адчужэння. Марная спроба.
Нарастае і нарастае тая адасобленасць. Апошнія прыпавесці пішуцца як з іншага свету.
Нібыта паўсюль адны пакуты, боль, несправядлівасць, абсурд, змрок.
Як быццам губляецца тая надзея. Але адкуль яна ўвогуле бярэцца?
Любоў Быкава ― любоў да праўды. І ў няўменні мноства людзей бачыць праўду, у адкрытым служэнні цёмнаму боку сілы ― усе ягоныя пакуты і ўвесь ягоны боль. Ён згарае ў гэтым болю, але, згараючы, толькі раскаляецца, як метал.
Ціхан Чарнякевіч, Budzma.org