Гранічная шчырасць і бесстаронні рэалізм —  Марыя Лапо пра аповесць Анкі Упалы

Пра аповесць Анкі Упалы “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў, якая выйшла ў Вільні ў 2024 годзе, піша крытык, пісьменніца, аўтарка падкасту “Каля літаратуры” Марыя Лапо.

Анка Упала (Алена Казлова) — пісьменіца, якая прыйшла ў беларускую літаратуру яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Яна пачынала з правакатыўна-саркастычных вершаў (“Жэншчына зь вядром на галаве”) і фантасмагарычных гісторый (“Як Колас і Купала бралі Смаленкс”), якія можна прачытаць у ейны дэбютным зборніку “Дрэва Энталіпт” (2012), а праз шэсць гадоў вярнулася ў літаратуру з аўтабіяграфічным раманам “На заснежаны востраў”, у якім была зусім іншая танальнасць, адрозная ад яе папярэдніх твораў. Стыль пазбавіўся гратэску, мова стала нардычна вытрыманай, а пазіцыя аўтаркі — адчужанай і назіральнай. У прэсе раман прэзентавалі як “аўтафікшн” — прычым гэтае найменне тады ўпершыню было ўжыта ў дачыненні да твора беларускага аўтара.

Летась, праз сем гадоў пасля рамана “На заснежаны востраў”, Анка Упала выпусціла аповесць “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў”, які пісьменніца раіць разглядаць або як працяг папярэдняй кнігі, або як асобны твор. У любым разе — стыль дзвюх кніг падобны, і ў іх тыя самыя героі і месца дзеяння.

Галоўная гераіня аповесці — Алена — едзе ў Стакгольм, каб папрацаваць у архівах, адпачыць і сустрэцца з сябрамі, дакладней, з сяброўкай — дзяўчынай афрыканскага паходжання, якую завуць Тунці.

Яшчэ адна лінія развіваецца ў Беларусі, дзе Алена кладзецца ў лякарню, каб зрабіць аперацыю. Там яна знаёміцца з суседкамі па палаце і спрабуе знайсці з імі агульную мову (або пазбегнуць гэтага). Як слушна адзначылі аглядальніцы часопіса “Сойка”, “абедзве гэтыя гісторыі  пра акрыянне” (анлайн-часопіс “Сойка” 2025).  

Кніга мае кальцавую кампазіцыю: яна пачынаецца і сканчваецца сцэнай купання галоўнай гераіні на Цнянцы. У творы 39 раздзелаў, назвы якіх лаканічныя і трохі гарэзлівыя — “Я не магу пазваніць”, “Як я вырашыла пажыць у Маргарэты”, “Хаджэнне і сядзенне”, “Мяне кусае клешч”, “Хутчэй бы выбрацца”, “Маргарэта хоча зрабіць з мяне чалавека” і іншыя.

Галоўнай тэмай твора можна назваць складанасці чалавечай камунікацыі і стасункаў. У Стакгольме Алена спыняецца ў сваёй знаёмай Маргарэты, але між імі ўвесь час узнікаюць непаразуменні. Тое самае здарыцца паміж галоўнай гераіняй і яе сяброўкай Тунці. Здавалася б, цяжкасці ў адносінах можна часткова патлумачыць культурнай розніцай: так, напрыклад, шведы не так моцна перажываюць з-за ўкуса кляшчоў, як беларусы, — і гэтым можна патлумачыць такую розную рэакцыю Маргарэты і Алены на тое, што Алену кусае клешч — галоўная гераіня пачынае панікаваць і шукаць лякарню, а Маргарэта не надае гэтаму асаблівай увагі. Але ж калі Алена знаходзіцца ў лякарні разам з беларускамі, бездань паміж ёй і суседкамі адчуваецца яшчэ большая: у іх абсалютна розныя перакананні, каштоўнасці, густ.

Таму раман Анкі Упалы — пра пошук кантакту ўвогуле і непазбежныя складанасці, якія з’яўляюцца падчас спробаў яго выбудаваць. Кормячы сініц, гераіня мысліць: “Нават міжвідавая камунікацыя, на дзіва, магчымая. Чаму ж тады ўнутрывідавая часта ўяўляе сабой непралазную багну?” (“Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў”, с. 154).

Стасункі з Тунці скончацца тым, што Тунці заблакуе Алену ў мэсэнджары, то бок — поўным разрывам. Па сутнасці, кнігу можна ўспрымаць як гісторыю кахання, якое не спраўдзілася. Пры гэтым Алена нідзе не ўжывае слова “каханне”, не робіць на гэта ніякіх намёкаў — да моманту, пакуль не рашаецца зрабіць сваёй сяброўцы прапанову, — але па тым, як галоўная гераіня паводзіць сябе падчас сустрэч, чытач разумее, што Тунці — важны для яе чалавек. Яна ў захапленні ад яе прыгажосці, чуйна рэагуе на перамены ў яе настроі, хоча з ёй сустракацца, размаўляць, прывозіць ёй падарункі і наогул лепш пачуваецца ў ейнай прысутнасці. Развязка гэтай гісторыі можа падацца дзіўнай і нават абсурднай — але боль галоўнай гераіні сапраўдны і выдатна праілюстраваны — зноў — без называння пачуццяў, але праз пейзажную замалёўку: “Вельмі хутка я заўважыла, што ўвесь свет нейкі маркотны, а небасхіл нізкі і шурпаты. Знізу ўверх па ім пабегла трэшчына і спынілася недзе над намі. Выцвілае маўклівае лісце паляцела ў мяне перад вачыма, мёртвае высахлае лісце, якое не імкнулася ўгару і не ападала на зямлю, проста вілася бязладна, штосьці, што не магло ані працягнуцца, ані завершыцца” (там жа, с. 116).

Назва твора адсылае да рэдкай астранамічнай назвы — поўнага месячнага зацьмення 27 ліпеня 2018 года — у дзень, калі Тунці і Алена вырашаюць паехаць на пляж. Гэта была шчаслівая паездка, і Алене падалося, што “перад развітаннем Тунці была сумная такім сумам, быццам чагосьці важнага, чаго яна чакала, не адбылося” (там жа, с. 85). Для Алены, якая ўжо даўно падумвала пра тое, каб прапанаваць Тунці адносіны, зацьменне і быццам бы чакаючы выгляд Тунці становяцца штуршком. Але, як высветляецца пазней, здагадкі галоўнай гераіні акажуцца памылковымі.

Адразу пасля раздзела высвятлення адносінаў з Тунці ў кнізе ідзе раздзел з падслуханым дыялогам у беларускай лякарні “Няпростая любоў”, у якім аўтарка прыводзіць, імаверна, дакументальную размову пра тое, як Мядзведзь распавядае Курачкінай пра няпростыя стасункі яе сына з жонкай і каханкай, якія заканчваюцца сімвалічнымі фразамі:

“— Зря вы, может, грех на душу взяли, что в любовь влезли.
— Может, и зря. Теперь уже не поправишь” (там жа, с. 126).

Гэтую фразу можна дастасаваць і да сітуацыі з гераінямі папярэдняга раздзела  Тунці і Аленай. Аднак наогул эпізоды выглядаюць кантраснымі: калі ў сітуацыі з Тунці і Аленай апісваецца тонкае сяброўства, шматзначнасць намёкаў, адсутнічае фізіялагічнасць, то ў сітуацыі сына Мядзведзь  грубае апісанне целяснасці, сварак, скандалаў, высвятлення стасункаў.

Галоўная стылістычная характарыстыка аповесці “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў” — гэта яе кінематаграфічнасць. Як адзначыла сама аўтарка ў прыватнай размове, ёй цяжка назваць кагосьці з пісьменнікаў, на стыль якіх яна б арыентавалася, але ў нечым на яе стыль паўплывала паўночнаскандынаўскае кіно. Сапраўды, нешматслоўнасць, іранічнасць, часам бесстаронні рэалізм — тое, што яднае аповесць Анкі Упалы з творамі, напрыклад, Роя Андэрсана і Акі Каўрысмякі. Большасць сцэн аповесці “паказваюць, а не кажуць”  у процівагу эсэістычнасці многіх сучасных аўтараў. Гераіня вельмі ўважлівая да дэталяў, дробязяў, якія трапна характарызуюць герояў: “Праз прычыненыя дзверы я чула, як Маргарэта смяецца, гледзячы бергманаўскае кіно. Між тым пра сябе яна звычайна казала, што не ўмее жартаваць і не мае пачуцця гумару” (там жа, с. 26).

Калі падзеі разгортваюцца ў Беларусі, аўтарка ўключае ў твор амаль дакументальныя, перапрацаваныя ў сваім стылі рускамоўныя дыялогі або рэплікі:

 Всё у Таньки этой было: муж, двое детей. Сама  красотка, мастер спорта по самбо. Главным бухгалтером работала. Муж её учиться не пошел, а чтобы заработать, устроился бульдозеристом. Бульдозером лучше было. …” (там жа, с. 124).

Акрамя даволі доўгага дыялогу ў раздзеле “Няпростая любоў”, які апавядае чытачу “няпростую гісторыю кахання”, размовы герояў вылучаюцца лаканічнасцю, звычайна яны складаюцца з дзвюхшасці рэплік, якія часта маюць сінтаксічнае падабенства, і таму падобныя да ўсходніх вершаў, якая пакідаюць пасля прачытання прастору для разважанняў:

“ — Ты не ўяўляеш, як гэта цяжка, — сказала я пасля брату.
— Ты перабольшваеш, — адказаў ён” (там жа, с. 16)

“ — Кітайцы сыходзяць, — сказала я.
— Адкуль ты ведаеш, што яны кітайцы? Між іншым, расізм так казаць.
— Канечне, яны могуць быць з іншай краіны, гэта я не падумаўшы ляпнула.
— Дажылі, у мяне сяброўка — расістка! — пакпіла з мяне Тунці.
— Эх.” (там жа, с.39)

“— Ты можаш пажыць у мяне, — сказала Марыям.
— Ты можаш пажыць у мяне, — сказала Эміко.
— Ты не адна ў Швецыі, — сказаў Явар.” (там жа, с. 162)

У рамане з’яўляецца таксама камізм — бо хоць пісьменніца і спрабуе апісваць герояў безацэначна, часам іх паводзіны настолькі кантрастуюць з аўтарскім светабачаннем, што камізм з’яўляецца “як быццам” сам па сабе:

“Была яна актрысай на пенсіі і размаўляла па-руску высокім стылем: мы былі дружны”, “это я зафіксіровала себе” (у сэнсе: “я зразумела”). Замест “благодарю” Ізольда Антонаўна казала “я дарю вам благо”, адказваць на гэта належала “благо прінімаю” (там жа, с. 4344),

“Тесна мне бытия печальная темница”, — прадэкламавала Ізольда Антонаўна.
Пасля паўзы яна дадала:
— Это Омар Хаям.

Па-першае, я не знайшлася, што на гэта сказаць. Па-другое, седзячы на ложку, я рэдагавала пераклад на камп’ютары. Ізольда Антонаўна крыху памаўчала і зрабіла яшчэ адзін заход:

Только Лена всё работает,  шматзначная паўза.  А мы всё болтаем” (там жа, с. 44).

Твор вылучаецца гранічнай шчырасцю, але не эмацыйнай, а стрыманай. Аўтарка прызнаецца ў сваіх самых розных пачуццях  разгубленасці, адчуванні недарэчнасці і іншых, але робіць гэта са спакойнай інтанацыяй (“Ці хацела я быць з ёй Томам і Джэры? Не, я не хацела. Тым вечарам я хацела быць недзе ў іншым месцы. Я хацела вярнуцца дадому. Я заснула ў самым змрочным настроі. Рана раніцай Маргарэта выправілася ў планаваны адпачынак са сваякамі на выходныя” (там жа, с. 152).

Сумнае, інтанацыйна-роўнае кіно з увагай да дэталяў і камічнымі момантамі  так выглядаў бы твор Анкі Упалы ў экранізацыі,  у якім дзве сюжэтныя лініі надаюць тэме непаразумення, адзіноты і крохкасці чалавечага кантакту шматпластавасць, раскрываючы яе ў розных ракурсах.

Адметнасць прозы Анкі Упалы — акрамя таго, што аўтарка мае сваё асаблівае бачанне рэчаіснасці — разважлівае, філасофскае, этычнае, у рэшце рэшт, — яшчэ і ў тым, што ў сваіх творах яна нічога не робіць прымітыўна, “у лоб”, наўпроставымі заклікамі ці выліваннем эмоцый. Яе задача — найперш стварыць пераканаўчую мастацкую рэальнасць, у якой аўтарскія погляды становяцца проста іманентнымі ўласцівасцямі мастацкага свету. Таму развагі на тэму расізму, жаночай неабароненасці або згадка аб пратэстах 2020 году ў творы падаюцца зусім не абавязковымі — хоць гэтыя мікратэмы, безумоўна, ствараюць яшчэ адно праблемнае поле — сацыяльнай несправядлівасці, тым самым выводзячы тэму чалавечых стасункаў на новы ўзровень.

Марыя Лапо, для bellit.info

Для загалоўнай выявы выкарыстаны фота з фэйсбуку Анкі Упалы