Audiobooks.by паведамляюць, што дэбютны раман Сашы Філіпенкі “Былы сын” цяпер даступны ў фармаце аўдыякнігі. Гаворка не пра расейскамоўную версію, а пра пераклад на беларускую мову, які летась выйшаў на паперы ў выдавецтве Gutenberg Publlisher.
Самы першы раман пісьменніка — “Былы сын” — расказвае пра юнака, які пацярпеў у страшнай цісканіне на Нямізе і 10 гадоў праляжаў у коме. Ім апекавалася бабуля, якая, у сваю чаргу, старалася бачыць свет вачыма ўнука, каб усё яму расказаць, калі той ачуняе. Яна апавядае, а чытач узгадвае тое, што беларусы перажылі за гэты час: усё адно як цэлая краіна праляжала ў коме, бо не было нейкага імпульсу, які б прымусіў гэтае жывое цела ўстаць і нешта для сябе зрабіць. І наступствы гэтага ляжання даганяюць, нават калі ажываеш і з’яўляецца надзея.
Агучыў раман Алесь Чыннік, а набыць і паслухаць можна па спасылцы на сайце Audiobooksby.com. Першую частку можна паслухаць бясплатна на YouTube.