Выйшла кніга вершаў беларускага паэта, мастака, дызайнера, культуролага Міхала Анемпадыстава “Ці помніш ты”. Кніга, у якую ўключаны амаль усе вершы паэта, была выпушчана да 60-годдзя творцы. Таксама ў зборніку чытачы знойдуць фотаздымкі аўтарства Міхала Анемпадыстава.
Кнігу ўжо можна купіць у інтэрнэт-кнігрнях, а таксама афлайн у менскім ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42.
“Міхаіл Анемпадыстаў сваёй творчасцю будаваў Каралеўства Беларусь — поўнае стылю, густу, шляхетнасці і любові да свайго. Рознабаковы і гарманічны, канцэптуальны і разнастайны — візуальнае, тэкставае і музычнае нарошчвалася на стрыжань ідэі і разрасталася прыгожым, укарэненым у сваю зямлю і традыцыю дрэвам.
Калі крышацца ў друз эпохі, застаюцца галасы, словы і музыка. Застаецца інтанацыя, на якую абарочваліся, за якой ішлі, якую шукалі. Стыль 1990-х для беларускага кола быў зададзены Міхалам Анемпадыставым. Голасам таго часу сталіся спевы Каралевы беларускага року. Паэзія, праспяваная ёй, адважна і пяшчотна змяніла прастору і нас саміх у ёй. Уздымала і адорвала небывалым. Свет тады на вачах поўніўся навізной пад гітарныя акорды і прамоўленыя словы. Так здавалася. Так было”.
Ці помніш ты, як мала мы спалі?
Ці помніш ты, як шмат мы прыснілі?