Выдавецтва “Папуры” анансавала выхад навінкі — “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага з ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч. Выдаўцы пішуць, што кнігу адправілі ў друк, з’яўленне ў продажы чакаецца ў сярэдзіне сакавіка.
“На вокладцы — вобраз затопленай Беларускай Антлантыды.Руіны спадчыны на дне возера Нешчарда, роднага возера Яна Баршчэўскага, якое ён з такой любоўю апісвае ў сваім творы. На дне возера, дзе героі апавяданняў чакаюць цікаўнага чытача, і я, у выглядзе русалкі, якая занырвае ў глыбіні гэтага дзівоснага свету, пагружаецца ўсё глыбей і глыбей, каб з дапамогай сваіх малюнкаў разам з Янам Баршчэўскім правесці чытача праз гэтыя незвычайныя, часам страшныя, часам сумныя, а часам жартаўлівыя аповеды шляхціца Завальні і ягоных гасцей”, — тлумачыць мастачка.
Выданне будзе багата ілюстраванае і мае працягнуць своеасаблівую серыю беларускай класікі з новым афармленнем. Раней падобным чынам “Папуры” выпускала “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра і “Новую зямлю” Якуба Коласа.