21 жніўня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе чарговая сустрэча, прысвечаная беларускай (і сусветнай) традыцыі і інтэлектуальнай літаратуры. Гэтым разам “Лабараторыя паэтычнай метафізікі” будзе прысвечана паэзіі Уладзіміра Жылкі.
Па форме сустрэча мае выглядаць, як conversatorium, літаратурна-філасофская майстроўня, у якой адбываецца сумесная работа па адмыканні сэнсаў, схаваных пад абалонкай літаратурных твораў. Мадэратарам выступіць вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт і паэт Ігар Бабкоў.
Ігар Бабкоў разам з прысутнымі паспрабуе акрэсліць корпус містычных/метафізічных вершаў (“Калі змрочнасьць…”, “Вершы спадзявання”, “Тэстамэнт”, фрагменты дзённіка, урыўкі з успамінаў), пагаварыць пра пэўныя матывы ды ідэі, а таксама месца Уладзіміра Жылкі ў беларускім літаратурным каноне.
Уваходны квіток 5 рублёў.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а