У музеі Багдановіча – імпрэза да дня нараджэння паэта

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 9 снежня, калі спаўняецца 133 гады з нараджэння паэта, пройдзе святочная імпрэза “Светлыя згадкі…” Гэта будзе адначасова справаздача па праведзенай працы за год, і разам з тым святкаванне-канцэрт.

З якімі здабыткамі прыйшлі да чарговай памятнай даты супрацоўнікі музея і аматары творчасці знакамітага пісьменніка?

Цікавыя знаходкі і новыя факты з жыцця сям’і Багдановічаў, унікальны аўтограф на кнізе “Вянок” і галінкі радаводнага дрэва, выданні і знакавыя публікацыі – пра ўсё гэта можна будзе даведацца ў музеі Максіма Багдановіча падчас святочнай імпрэзы.

Музычным падарункам наведнікам і самому паэту будуць ягоныя любімыя класічныя творы і інструментальныя апрацоўкі песень у выкананні ансамбля салістаў “Класік-Авангард” пад кіраўніцтвам Людмілы Каліноўскай. Прагучаць творы І.С. Баха, Ф. Мендэльсона, Ж. Маснэ, М. Агінскага, М. Глінкі, М. Ельскага, А. Дворжака, Л. Балерона.

Пачатак у 19:00
Адрас: Менск, вул. М. Багдановіча, 7а
Квіткі: 10 рублёў