21 чэрвеня ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёну пройдзе чацвертае па ліку літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”. Свята ладзіцца ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага” і прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Час правядзення мерапрыемства: 16:00 – 20:00.
У праграме – вялікая канцэртная праграма з удзелам ансамбля народнай песні “Баравічанка” і артыста эстрады Сяргея Славянскага, а таксама прадстаўленне Лялечнага тэатра-батлейкі “Дом з Марамі”, экскурсіі па музеі, сустрэчы з пісьменнікамі, гульні, майстар-класы, разыгранкі, мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон.
Упершыню ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага можна будзе ўбачыць арыгінальныя работы вядомых беларускіх мастакоў А. Кашкурэвіча, А. Волкава, М. Гуціева, У. Малахава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – 25 графічных работ-ілюстрацый да вядомых твораў Кузьмы Чорнага: “Бацькаўшчына”, “Трэцяе пакаленне”, “Пошукі будучыні” і “Люба Лук’янская”.
Таксама на свяце будуць працаваць выставы-продажы майстроў народнай творчасці, дэгустацыя страў беларускай кухні, кропкі з ежай.

Арганізатары запрашаюць усіх аматараў літаратуры, музыкі ды падарожжаў. Падрабязная праграма з’явіцца неўзабаве на сайце bellitmuseum.by.
Увага! Музей арганізуе транспарт на мерапрыемства па маршруце Менск–Цімкавічы–Менск. Адпраўленне 21 чэрвеня ў 13:30 ад набярэжнай Свіслачы паблізу мемарыяла “Востраў слёз”. Прыкладны час вяртання ў Менск – 22:00. Квіткі – 35 рублёў. Зарэзерваваць месца можна па тэлефоне +375 (17) 363-94-65. Квіткі можна набыць у касе ДМГБЛ у Менску на вул Макісма Багдановіча, 13 або анлайн.
Загалоўнае фота minsk.interesting