Раман “Слон” Сашы Філіпенкі з’явіўся на маркетплэйсе Wildberries, але пытанне з продажамі рамана было “ўрэгулявана” неабыякавымі менш чым за суткі.
Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка расказаў у фэйсбуку 3 жніўня, што ягоны новы раман “Слон” на тэму вайны ва Украіне можна купіць на маркетплэйсе ў Беларусі. Ён дадаў спасылку на Wildberries, паведамляе “Рэформ”.
На гэта звярнулі ўвагу прапагандысты, прагучалі заявы, маўляў, Філіпенка “вельмі рана ўзрадаваўся”. А ў адным праўладным канале паабяцалі на працягу сутак “урэгуляваць” пытанне з продажам кнігі ў Беларусі.
Ужо праз некалькі гадзін стала немагчыма набыць раман, паведамляецца, што кнігі няма ў наяўнасці. А прапагандысты падзякавалі ўсім датычным.

Расейскамоўны варыянт рамана афіцыйна выдадзены ў Расеі выдавецтвам “Время”. “Слон” па-беларуску ў кніжным фармаце выйшла раней — у кракаўскім выдавецтве Gutenberg. Аднак набыць выданне можна толькі за мяжой Беларусі.