З’явілася новая ініцыятыва, названая ў гонар славутага дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя каштоўнасці і імёны Беларусі. Праект MALDZIS працягвае гэтую справу.
Менавіта Аадам Мальдзіс у 1970-я апублічыў абставіны, пры якіх знікла галоўная святыня Беларусі — крыж Еўфрасінні Полацкай. Менавіта ён выявіў беларускія сляды ў біяграфіях Ігната Дамейкі і Міхала Клеафаса Агінскага, якія на той час асацыяваліся выключна Польшчай, піша Суполка беларускіх пісьменнікаў.
Праект MALDZIS так апісвае на сайце свае задачы і мэты:
- Папулярызацыя спадчыны
Ствараем карту і гайды з інфармацыяй пра беларускія імёны і славутнасці ў замежных краінах, а таксама са звесткамі аб заслужаных іншаземцах у Беларусі. Робім медыйныя прадукты пра выбітныя беларускія постаці і старадаўнія скарбы. Выступаем з прэзентацыямі і лекцыямі. - Ушанаванне герояў і падзей
Усталёўваем помнікі і шыльды ў гонар выбітных беларусаў і беларусак за мяжой, робім тэматычныя выставы і мерапрыемствы. Называем беларускім усё, што мае беларускія карані. Шукаем і набываем нацыянальныя культурна-гістарычныя каштоўнасці за мяжой для перадачы ў музеі Беларусі. - Прасоўванне культурнай дыпламатыі
Падтрымліваем ідэі і праекты ў галіне культурнай дыпламатыі з фокусам на культурнай спадчыне. Прасоўваем яе як сродак міжнароднага паразумення і паглыблення адносін.