Перавыдалі раман “Мэфіста” Клаўса Мана ў перакладзе Сёмухі

У выдавецтве “Папуры” выйшла перавыданне рамана “Мэфіста. Раман аб адной кар’еры” пісьменніка і журналіста Клаўса Мана у перакладзе выбітнага беларускага перакладчыка Васіля Сёмухі.

Упершыню кніга ў перакладзе з нямецкае на беларускую мову была выдадзеная ў 2006 годзе ў выдавецтве Змітра Коласа. Новае выданне мае дыхтоўную цвёрдую вокладку і больш за 300 старонак.

Анатацыя:

Гендрык Гёфген, спецыяліст па ролях элегантных нягоднікаў, забойцаў у фраках, гістарычных інтрыганаў, нічога не бачыць, нічога не чуе, нічога не заўважае. Ён гэтак жа мала жыве ў горадзе Берліне, як раней мала жыў у горадзе Гамбургу. Ён не бачыць нічога, апрача сцэны, кінаатэлье, грымёрак, некалькіх начных рэстаранаў, некалькіх раскошных залаў і салонаў… Замкнуты, як у турме, ва ўласнай славе, ненаедны і нястомны, заўсёды ў найвышэйшым істэрычным напружанні, артыст Гёфген радуецца і пакутуе ад свайго лёсу, які здаецца яму выключным. І не разумее, што ягоны ўзлёт — гэта толькі вульгарная, бліскучая арабеска на краі асуджанага на пагібель знедухоўленага руху насустрач катастрофе.

Апісаная ў рамане сітуацыя адбываецца ў перыяд усталявання ў Нямеччыне таталітарнага рэжыму. Паказаная з сярэдзіны, яна выдатна ілюструе, як паступова мяняюцца погляды персанажаў. Напачатку яны амаль усе стаяць на прагрэсіўных пазіцыях, але неўзабаве адны, цвёрда трымаючыся сваіх прынцыпаў, вымушаныя іміграваць або гінуць у выніку рэпрэсій, a другія, стаўшы на шлях канфармізму, угаворваюць сябе на магчымасць “супрацоўніцтва з д’яблам” і сваімі “добрымі намерамі” брукуюць сабе дарогу ў пекла.