Па-беларуску выйшла самая “казачная” ісландская сага

У выдавецтве “Тэхналогія” выйшла новая кніга — “Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка” ў перакладзе са старажытнаісландскай Яўгена Папакуля.

Выданне аздобленае дваццацю ілюстрацыямі, якія ўяўляюць сабой своеасаблівыя выявы на шчытах, але ў сучаснай інтэрпрэтацыі.

Згодна з анатацыяй “Сага пра Хэрвёр і Хэйдрэка” — адна з самых вядомых і самых “казачных” ісландскіх сагаў. У беларускім выданні ўпершыню арганічна аб’яднаныя тры асноўныя рэдакцыі твора. Такім чынам чытачы могуць пазнаёміцца з найбольш поўнай версіяй гісторыі пра чароўны меч Цюрвінг, Анганцюра і ягоных братоў-берсеркаў, а таксама — пра бясстрашную ваярку Хэрвёр і конунга Хэйдрэка. Яўген Папакуль таксама напісаў каментары да асноўнага тэксту.

“Самая запамінальная гераіня сагі ─ Хэрвёр, дачка берсерка Анганцюра. Гэтая неўтаймоўная дзяўчына абудзіла ад вечнага сну ў кургане свайго бацьку і ўвагнала яго ў такі жах, што драўг мусіў аддаць дачцэ чароўны меч Цюрвінг (якраз гэтая сцэна і трапіла на вокладку)”,расказваюць на старонцы выдавецтва ў facebook.com.

У сазе проза чаргуецца з паэзіяй, эдычныя алюзіі і казачныя сюжэты пераплятаюцца з апісаннямі рэальных гістарычных падзей і загадкамі. Толкін пры стварэнні свайго сусвету Пярсцёнка натхняўся ў тым ліку гэтым старажытнаісландскім творам.

Замовіць кнігу можна на сайце выдавецтва ці купіць у краме па адрасе ў Менску: Ляўкова, 19 (уваход з боку Варанянскага).