Па-беларуску выйшла кніга, якой натхняўся Караткевіч

У выдавецтве “Тэхналогія” выйшаў з друку пераклад кнігі польскага пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча “Шчанячыя гады“, заснаваная на ўспамінах. Пераклад на беларускую мову здзейсніў літаратуразнаўца і археограф Язэп Янушкевіч.

Успаміны польскага пісьменніка Мельхіёра Ваньковіча (1892–1974) дагэтуль не перакладаліся на беларускую мову, хоць найперш яны цікавыя менавіта беларускаму чытачу. Аўтар — нашчадак заможнага шляхоцкага роду, нарадзіўся ў маёнтку Калюжычы (цяпер Бярэзінскі раён). З ягоных “Шчанячых гадоў” паўстае Беларусь на зломе гістарычных эпох — ад паўстання 1863 года да савецка-польскай вайны 1920 года.

Кніга чытаецца захапляльна: тут ёсць і жывы гумар, і глыбінныя светапоглядныя рэчы. Успаміны выйшлі ў 1934 годзе у іх адлюстраванае мысленне чалавека аддаленай эпохі, там ёсць з чым не пагадзіцца. Але літаратурная і гістарычная вартасць бясспрэчныя: кнігай Ваньковіча калісьці натхняўся Уладзімір Караткевіч. Так што задоўга да перакладу “Шчанячыя гады” сталі з’явай беларускай літаратуры, гаворыцца ў анатацыі да выдання.