Каманда “Кніжнага воза” выдала новую аўдыякнігу для дапытлівых дзяцей і ўдумлівых дарослых – “Пацеркі і кроплі” Надзеі Ясмінскай. Гэтую кнігу можна не проста слухаць у звыклым аўдыяфармаце, але таксама глядзець на YouTube-канале анімаваную версію.
Анімацыю паводле арыгінальных ілюстрацый Стасі Сакалоўскай стварыла мастачка Наста Камінская.
“Пацеркі і кроплі” – гэта цёплая, утульная гісторыя, вытканая з нітак успамінаў, роздумаў і пачуццяў пяцігадовага хлопчыка, якую агучылі Ісай Свістулькін і Валянціна Малініна. Музыка – Алег Удалееў.
“Кніжны воз” шчыра дзякуе за з’яўленне на свет аўдыякнігі сябрам праекта: Алесі Сёмусе, Ірыне Курапаткінай, Вячаславу Бортніку, Алесі Кіпель, Сашы Мелянцей, Дзьмітрыю Лойшу, Сафіі Аляхновіч, Паўлу Васілёнку, Алегу Равуну, Аляксандру Гумбару, Веце Чарапанскай, Наталлі Рабавай-Даніэлс, Алесі Сядзяцы і Вользе Бабурынай.