Адкрыты перадзаказ на кнігу чэшскага філосафа Клімы па-беларуску

Выдавецкая ініцыятыва SayBeat анансавала выхад кнігі выбранага “Чалавечая трагікамэдыя” культавага чэшскага “выклятага філосафа”, ніцшэанца, “эгадэіста” Ладзіслава Клімы (1878—1928) у перакладзе Макса Шчура.

Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Франц Кафка сказаў пра Кліму: “Гэта Майстар; калі б ён пісаў на адной з вялікіх моваў свету, то дасягнуў бы ўсясветнага прызнання”.

У кнігу выбранага ўвайшлі Клімавы раннія творы, аповесць “Славутая Нэмэзіда”, апавяданне “Што пасля смерці”, п’еса “Чалавечая трагікамедыя”, накід п’есы “Гусіты”, “Аўтабіяграфія” і афарызмы.

Перадзамова адкрытая да канца кастрычніка. Кошт кнігі са зніжкай — 12 даляраў + кошт перасылкі, аб’ём — 400 старонак, з фатаздымкамі, мяккая вокладка.

Замовіць можна тут: buymeacoffee.com/saybeat.

Прэзентацыя кнігі “Чалавечая трагікамэдыя” Ладзіслава Клімы з удзелам перакладніка Макса Шчура і чэшскай літаратуразнаўцы Яны Коліяшавай адбудзецца на заключнай пражскай часты фестываля інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA 1-га лістапада.