Дзіцячая пісьменніца выкладвае па раздзелах гісторыю пра птушак-сяброў

Дзіцячая пісьменніца Надзея Ясмінска пачала выкладваць анлайн дзіцячы травелог з назвай “Дзіўны дом”. Выданне папяровай кнігі затрымліваецца і таму пісьменніца разам з мастачкай вырашылі дзяліцца з чытачамі гісторыяй сяброўства дзвюх менскіх птушак.

“Мы з мастачкай Юляй Ягоўдзік марылі пра папяровую кнігу, але, на жаль, яе выданне адкладаецца на нявызначаны час. Не магу хаваць усё ў шуфлядцы. Хочацца дзяліцца. Хочацца даваць тэксту жыццё. Можа, камусьці ён прынясе радасць”, — тлумачыць аўтарка ў фэйсбуку, дзе паступова з’яўляюцца новыя раздзелы гісторыі.

Пра што кніга:

У адным мiнскiм дворыку жыў грак па імені Грак, які пасябраваў з хатнім граком па імені Краг. Сябры любілі балбатаць праз шкло. Але аднойчы Грак прыляцеў да акна Крага і не знайшоў яго. Па птушынай пошце ён атрымаў ліст, што Краг з гаспадарамі пераехалі ў іншы дом. Вось толькі розныя птушкі незнарок перадалi многія словы на сваёй мове, і Граку спачатку вядома толькі тое, што гэты дом “дзіўны”. Лётаючы па розных мінскіх будынках і знаёмячыся з рознымі птушкамі, ён у рэшце рэшт расшыфроўвае пасланне і даведваецца пра адрас сябра.

Надзея Ясмінска папярэджвае, тэкст публікуецца без рэдактуры, бо пакуль аўтарка не можа яе цяпер сабе дазволіць, і просіць заўвагі і пажаданні пісаць у каментарах.