Дом Казіміра Сваяка на Астравеччыне чакае рамонт

У “Доме Казіміра Сваяка” ў вёсцы Барані Астравецкага зробяць рамонт. У будынку месціцца музей паэта, асветніка, аднаго з першых папулярызатараў выкарыстання беларускай мовы ў каталіцкай царкве Канстанціна Стаповіча.

У першую чаргу ў музеі адрамантуюць дах, бо праз трэснуты шыфер гарышча залівае дажджом, піша Hrodna.life.Таксама збіраюцца направіць ганак. На рамонт і тэхнічны нагляд плануецца выдаткаваць 11 838 рублёў. Работы завершаць у ліпені.

Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) — беларускі каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, паэт, драматург. Ён быў знакавай фігурай беларускай культуры і нацыянальнага руху. Адзін з першых прамаўляў казані на беларускай мове. Спрыяў адкрыццю беларускіх школ. Хварэў на туберкулёз. Памёр у Вільні 16 траўня 1926 году, маючы ўсяго 36 гадоў. Пахаваны на могілках Росы.

“Дом Казіміра Сваяка” адкрылі ў доме Стаповічаў у 2010 годзе як філіял Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея. У музей прадстаўлены побыт сялян канца ХІХ — пачатку ХХ ст. і жылы пакой часоў сям’і Стаповічаў з іх асабістымі рэчамі.

Загалоўнае фота – Fotobel.by