Беларусы выкупілі Статут, каб перадаць яго на радзіму

У межах працы па вяртанні беларускіх каштоўнасцяў ініцыятыва MALDZIS выкупіла Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году (Трэці Статут), надрукаваны ў Вільні ў 1693 годзе на польскай мове. 

Статут ВКЛ 1588 году – самае важнае выданне, надрукаванае ў Вялікім Княстве Літоўскім за ўсе часы яго існавання, і адзін з самых дасканалых прававых дакументаў у тагачасным свеце. 

“Трэці Статут ВКЛ – гэта помнік беларускай прававой культуры, у якім можна ўбачыць ідэю ўсталявання прававой дзяржавы і першы крок да яе. Статут абараняў незалежнасць ВКЛ і ў ім была рэалізаваная агульнапрынятая сёння ідэя падзелу ўлады на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.  

Статут дзейнічаў цягам больш як 250 гадоў, перажыў падзелы Рэчы Паспалітай і знікненне ВКЛ у выніку ўключэння беларускіх зямель у склад Расейскай імперыі. Для параўнання, найстарэйшая ў свеце Канстытуцыя ЗША толькі набліжаецца да свайго 240-гадовага ўзросту”, – гаворыць  кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч.

Кіраўнік ініцыятывы Павел Мацукевіч і апякун Рыгор Астапеня разам з набыткам

Здабыты старадрук знойдзены ў антыкварнай краме ў Калішы (Польшча) і набыты на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сліж

Бліжэйшым часам Статут будзе выстаўляцца на адмысловых мерапрыемствах па-за Беларуссю, але праз некаторы час будзе перададзены ў першую меркаваную сталіцу ВКЛ – Наваградак, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, у якасці грамадскага падарунка. 

Набыты Статут выйшаў у свет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693 годзе паводле рэдакцыі 1648 году. Выданне 1693 года ёсць у шэрагу буйных бібліятэк і музеяў свету, у тым ліку і ў Беларусі. 

Арыгінальны Статут ВКЛ 1588 году быў напісаны на “руськай мове”, якая з усіх найбольш блізкая да сучаснай беларускай. Першы польскі пераклад з’явіўся праз чвэрць стагоддзя пасля прывілею польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы, які 28-га студзеня 1588 году і зацвердзіў Статут.

Як расказваў раней Bellit.info, ініцыятыва MALDZIS атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. Ініцыятыва працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай нацыі. 

Фотаздымкі Аліны Мазавец