Малады пісьменнік Антось Уласенка сабраў пад адной вокладкай сваю кароткую прозу. Вынікам сталася электронная кніга “Рунь дасонечных зярнятаў”, якую можна спампаваць з адмысловага рэсурсу Smashwords.com.
“У гэтым зборніку мікрапрозы сабраныя невялікія — ад колькіх дзясяткаў да колькіх сотняў словаў — мастацкія тэксты. Тут няма адзінае тэмы або стылю — перад вамі калекцыя імгненняў, думак і эмоцыяў, якія аўтар назапасіў за гады творчасці. Хай гэтыя гісторыі стануць для вас тымі самымі зярнятамі, з якіх прарасце вашае ўласнае натхненне“, — паведамляе анатацыя.
На кнігу ўжо звярнулі ўвагу крытыкі. З рэцэнзіяй на зборнік можна азнаёміцца на сайце bellit.store, дзе сярод іншага гучаць такія развагі:
“Гэту невялікую кнігу можна лічыць і цалкам закончанай рэччу у плане стыльнасці і падыходу да абраных тэм. А льга сказаць, што перад намі – рабочы нататнік пісьменніка. Гэта ў плане ўжо абрання тэм. Фантазія і скіраванасць думкі аўтара мяняюцца ад аднаго твора да другога, ягоную цікавасць абуджаюць самыя розныя рэчы, падзеі адбываюцца ў самых розных месцах (пры гэтым, з’яднаныя часам адной тэмай і адным загалоўкам). Калі мы, чытачы, адчуваем сябе разгубленымі ў незнаёмым лесе створанага аўтарам свету, дык недзе на другой палове невялікай кнігі аўтар бачыцца нам самім заблукаўшы ў гушчары чалавечых пачуццяў і адвечных пытаннях быцця. Ён сам – нібы іншапланецянін на нашай Зямлі, аглушаны і аслеплены, кранаецца кожнай быццам бы драбязы (што для нас) – і яна тлуміць ягоны розум, патрабуе адгадкі”.