Алесь Пашкевіч адкрывае новае імя ў гісторыі беларускай літаратуры

У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга Алеся Пашкевіча “І Я сказаў табе: “Жыві”! Дарогамі паэта Адама Свентаржэцкага”, якая апавядае пра дагэтуль невядомае імя ў гісторыі беларускай літаратуры.

“І Я сказаў табе: “Жыві” — гэта нарыс і па сутнасці першая праца пра яркую і да нашых дзён невядомую асобу, літаратара, дзеяча вызваленча-нацыянальнага руху Адама Тамашавіча Свентаржэцкага.

Не ўсё з напісанага Адамам Свентаржэцкім, народжанага на Ігуменшчыне, дайшло да нас. Вершы, якім лёсіла захавацца, заставаліся ў архіўных рукапісах; аніводнай публікацыі яго тэкстаў — ні ў газетах, ні ў асобных зборніках — раней не з’яўлялася. Як дасюль не было згадак пра паэта і паўстанца ў якіх-кольвек энцыклапедыях ці літаратуразнаўчых публікацыях.

Алесь Пашкевіч — аўтар дылогіі “Пляц Волі” і дакументальна-мастацкіх выданняў пра Уладзіміра Дубоўку, Каруся Каганца, Вацлава Ластоўскага, Кастуся Езавітава, Алеся Гаруна і іншых знакамітых постацяў Беларусі.

Набыць кнігу можна ў мінскіх крамах “Акадэмкніга”, “Кніжная шафа”, у сталічным павільёне выдаўца (Гандлёвы цэнтр “Купалаўскі”, ст. метро “Кастрычніцкая”, павільёны 41 і 42) ці па спасылцы з перасылкай па ўсім свеце knihi.by.