Адам Клакоцкі вяртаецца — перадзаказ на раман Бабкова

Выдавецтва “Логвінаў” анансавала выхад трэцяй, разгорнутай і пашыранай версіі рамана Ігара Бабкова “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” і адкрыла папярэдні заказ на кнігу.

Старт продажаў запланаваны на 20 студзеня 2025 году, а пакуль можна замовіць кнігу па адмысловым папярэднім кошце праз сайт выдавецтва.

Як гаворыцца ў анатацыі да кнігі, перад намі класічны раман посткласічнай беларускай літаратуры, у якім тутэйшая рэчаіснасць разглядаецца праз магічны крышталь сноў і мрояў. У трэцюю, разгорнутую і пашыраную версію рамана дададзеныя дзьве новыя гісторыі (“Восень у Гародні” і “Дзюры”), а таксама “Пасляслоўе выдаўцы”, якое пры ўважлівым разглядзе аказваецца нататкамі невядомага чытача, знойдзенымі аўтарам у Архіве Клакоцкага ў 2023 годзе.

Таксама неўзабаве чакаецца выхад аўдыёверсіі кнігі на пляцоўцы “Кніжны Воз”.