7 ліпеня ў Менску пройдзе вечар памяці Пятра Васючэнкі

7 ліпеня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча пройдзе вечар памяці пісьменніка, літаратуразнаўцы, крытыка, драматурга, навукоўца і выкладчыка Пятра Васючэнкі.

Ніна Здановіч прыадчыніць скарбонку сямейнага архіва і раскажа вам аб тым, якім бацькам і мужам быў знакаміты аўтар. А яго сябра Навум Гальпяровіч паспрабуе ахапіць у сваім аповедзе ўвесь дзіўны свет, створаны Пятром Васючэнкам.

Арганізатары вечара абяцаюць напрыканцы праграмы паказ спектакля з музейнай батлейкі “Новыя прыгоды Паноў Кубліцкага і Заблоцкага”, а яшчэ адбудуцца ўнікальныя жывыя чытанні кнігі “Піраміда Ліннея”.

Уваходны квіток – 10 рублёў
Запіс па тэлефоне+375 17 355 2295
Адрас: вуліца М.Багдановіча, 7а
Пачатак: 18:30

Пятро Васільевіч Васючэнка (15.2.1959 – 25.8.2019). Празаік, драматург, літаратуразнаўца. Быў сябрам СБП.

Закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1984). Кандыдат філалагічных навук (1983). У 1984—1997 гг. працаваў малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры НАНБ. У 1997 г. быў загадчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. 

Пахаваны на Усходніх могілках Менску.