6 лютага адзначаецца 110 гадоў з наражэння Аркадзя Куляшова, аўтара верша “Бывай”, які зробіцца класічнай беларускай песняй “Алеся”, дзякуючы таленту “Песняроў”. З гэтай нагоды “Літаратурны музей Петруся Броўкі” (вул. К. Маркса, 30) запрашае на мерапрыемства, прысвечанае паэту 8 лютага ў 18:00.
Апроч таго, прапануем паглядзець (ці пераглядзець) лекцыю паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча пра гісторыю стварэння легендарнага верша “Бывай”.
Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 годау ў сям’і настаўніка ў вёсцы Саматэвічы на Магілёўшчыне. Яшчэ ў раннім дзяцінстве бацькі пазнаёмілі Аркадзя з творамі Пушкіна, Лермантава, Някрасава. З чатырохгадовага ўзросту (больш імаверна з 6 гадоў) ён робіць першыя вершаваныя спробы. Так назьбіраў два сшыткі вершаў, якія аб’яднаў назвай «Собрание сочинений Кулешова-Несчастного». Сшыткі з раннімі вершамі не захаваліся.
Ад 1921 да 1928 году А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай школе-сямігодцы.
У 1924 годзе бацькі Куляшова разьвяліся, і ён стаў самастойна жыць у сваёй хаце, працягваў вучобу ў школе. Прыглядала за ім старэнькая жанчына, якую ў паэме «Далёка да акіяна» ён называе Тадораўнай.
У 1928 годзе паступіў у Мсціслаўскі педтэхнікум, дзе пазнаёміўся са Змітраком Астапенкам ды Юліем Таўбіным. Незадоўга да дзяржаўных экзаменаў пакінуў вучобу. Разам з Астапенкам і Таўбіным адпраўляецца ў падарожжа на Каўказ і ў Крым.
У 1930 годзе пераехаў у Менск. Уваходзіў у БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў). У 1934 годзе прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. 27 студзеня 1936 у сям’і Аркадзя Куляшова ды Аксаны Куляшовай (Вечар) нарадзілася дачка Валянціна.
Удзельнік вайны (з 1941 да 1943 году на фронце працаваў у армейскай газеце, з 1943 да 1945 году — у Беларускім штабе партызанскага руху). Пазней, пасля вайны з 1958 да 1967 году працаваў галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».
Памёр у ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясвіжы, пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.