10 маладых паэтак і паэтаў, якіх варта ведаць

Кожнае новае пакаленне ў літаратуры – гэта ўнікальныя творчыя галасы, якія часта бываюць зусім не падобныя на папярэднікаў, альбо ўвогуле ім супярэчаць. Альбо гучаць вельмі ціха. Наша найноўшае паэтычнае пакаленне збольшага існуе на прасторах сеціва: у інстаграме, тэлеграме, анлайн-часопісах, — і звяртаецца да традыцыйнай папяровай кнігі толькі каб падсумаваць пэўны этап. Вершы гэтыя не так проста знайсці ў інтэрнэт-лабірынтах, але там трапляюцца сапраўдныя перліны.

Каб расказаць чытачам, як і пра што пішуць маладыя беларусы, Bellit.info уклаў свой уласны топ-10 паэтак і паэтаў да 30 год.

Марыя Бадзей

Паэтка і перакладчыца, якая нядаўна займела сваю дэбютную кнігу “Мёд і дым” (выдавецтва “Пфляўмбаўм”). З беларускіх словаў Марыя стварае іншасвет, які прасякнуты смакамі, пахамі і колерамі, з іх дапамогай паэтка распавядае свае гісторыі – пра памяць, карані, мастацтва і каханне.

***
Я, чалавек вялікага лесу,
Гляджу на людзей вялікай ракі.
Людзей асцярожнага цуду, які ліецца ў прасторы,
Людзей, з далоняў чыіх растуць вёслы.
На вёслы сядаюць крачкі,
Белыя,
Бы яблыкі,
Што падаюць у ваду.

Вершы на Lyrikline, відэа з праекта ZRAMY.

Вікторыя Трыфанава

Паэтка, выпускніца Школы маладога літаратара “W/Rights”, лабараторыі фем-пісьма “Расцяжэнне” (2022). Фіналістка “Фэсту аднаго верша” (2020, 2021).

У тэкстах паэтка распавядае пра пошукі ўласнай ідэнтычнасці, пра свядомы і несвядомы выбар мовы, пра значэнне мастацтва. Яна ўмела выкарыстоўвае іронію, асабліва ў вершах пра стасункі і каханне. Паэзіі Вікторыі ўласцівыя ўрбаністычныя матывы.

***
які сэнс у гальштуку дыёр
калі ён не пасуе да кашулі
які сэнс у араматнай каве
калі ты заўсягды піла гарбату
які сэнс у адносінах з мужчынам
калі ён не разумее твае вершы

Вершы ў часопісе “Таўбін”, часопісе “УЖ”, часопісе Fihury.

Мацвей Драгун

Паэт і перакладчык з грэцкай, лацінскай, рускай, украінскай, польскай, ангельскай, нямецкай моваў. Пераможца “Фэсту аднаго верша” (2022).

Ягоная паэтычная эстэтыка пабудаваная на міфалогіі і рэлігіі, пры гэтым сучасныя вобразы далікатна пераплятаюцца са старажытнымі, утвараючы вершы, якія хочацца перачытваць. У тэкстах Мацвея можна сустрэць фразы на розных мовах (магчыма, некаторыя прыйдзецца гугліць).

Марк Шагал (куды?)

твой пацалунак нагадвае Віцьбу
ты пра раку ці вафельку?
ня ведаю але і на і пасьля цалавацца было прыемна

габрэйская луна адбівалася на каве
з намі павітаўся мужчына з журнала пра Прагу
мы пайшлі за ім а ён схаваўся ў скульптуру Ікара
(мне трошку шкада што Вэнэра спадабалася табе больш)
прага засталася неспатоленая

Вершы ў часопісе “Таўбін”, тэлеграм-канал з вершамі і перакладамі тут.

Вікця Удовіна

Калі вы шукалі сучасны прыклад структуралізма, то вось ён – паэзія Вікці Удовінай. У шчыльных і складаных вершах сэнсы хаваюцца за алюзіямі на старажытныя (і не вельмі) тэксты, за постацямі міфалогіі і літаратуры. Яшчэ паэтка любіць ужываць словы з іншых моў, быццам будуе ўяўную Вавілонскую вежу, у якой чытачам наканавана спазнаць катарсіс (тым, хто здолее дачытаць да канца).

Урывак з паэмы “Зуб(р)”

не, я не буду танцаваць, Ірад
я не з Ірландыі, я з Менску
я не адважуся дакрануцца
да твайго брыва, прарок
я забудуся на твае вусны,
анёл пустэльні, анёл ляманту
анёл балота…

Вершы ў часопісе “Таўбін”, у часопісе “Fihury”, тэлеграм-канал з вершамі тут.

Ганна Шакель

Паэтка і перакладчыца. У 2023 выйшла дэбютная кніга Ганны пад назва “Цела мігдалу” (выдавецтва “Вільма”). Паэтка даследуе чалавечую душу і яе шлях праз род, карані і памяць; паэзія Ганны – спосаб гаварыць пра мінулае, якое не дае спакою. У вершах спалучаюцца біблейскія вобразы і фальклорныя матывы.

360

я ёсць
шлях
і праўда
і жыццё
ніхто не прыходзіць
да бога
акрамя як
праз сябе

Вершы ў часопісе “Таўбін”, відэа з праекта ZRAMY.

Валерыя Галаўко

Паэтка, якая ў вершах звяртаецца да голасу продкаў і народных традыцый, адчуваючы ў гэтым сілу. У тэкстах Валерыя разважае пра сталенне, стасункі, хуткаплыннасць часу і адзіноту, выкарыстоўваючы прыродныя і фальклорныя матывы.

***

мая бабця заўсёды кажа:

“ты ўпартая,
бо ты – са шляхты”.

мне здаецца,
у мяне проста
паганы характар.

Тэлеграм-канал з вершамі тут.

Фота Віялеты Саўчыц

Ганна Горн

Паэтка і літаратурны крытык. Вершы Ганны можна назваць лінгвістычнымі – у іх шмат вобразаў, звязаных з філалагічнай тэрміналогіяй, напрыклад, са знакамі прыпынку ці пэўнымі часцінамі мовы. Ганна эксперыментуе з ужываннем замежных моў, распавядаючы пра эміграцыю, вайну, адчуванне айчыны і стасункі.

***

как они наклоняются
над водяным фонтанчиком
складывают ладонь в приветственном жесте
воды
городская пустыня выдаёт пришельцев
не скрыться в зелени парков

Тэлеграм-канал з вершамі тут.

Аўген Менск

Паэт, у якога даволі шырокі спектр тэм – гэта і пяшчотныя вершы пра каханне, і сярдзітыя пра тое, што ўсё не так, як хочацца, і філасофскія з рэфлексіяй асабістых і глабальных падзей. Аўген піша як верлібры, так і больш традыцыйныя сілаба-танічныя вершы, у якіх адчуваецца вельмі чуйнае і акуратнае стаўленне да слоў.

***
Да Ю.М.

Жыцьцё пакрысе дае задні ход.
Адзін крок наперад, два крокі – наадварот.
Спрабуеш вырвацца ў захад – трапляеш на ўсход.
…Пакуль не ведаеш, куды хочаш ты і чаго,
то не адчуваеш ані нот у руках ані ног пад сабой.

Тэлеграм-канал з вершамі тут.

Алена Пальчанка

Алена – паэтка, перакладчыца, драматург. Яе вершы – гэта спробы разабрацца ў светабудове, у тым, што знаходзіцца ў аснове ўсяго, дакапацца, ці ёсць там увогуле штосьці, ува што можна верыць. Тэксты з’яўляюцца (сама)рэфлексіямі, напісанымі з увагай да дэталяў. Менавіта дэталі выходзяць на першы план і адлюстроўваць думкі і перажыванні аўтаркі.

***
город из пустого становится еще более пустым
казалось бы – куда
где пределы расширения пустоты?
ничего обсценно раз – и – растается
в тысячах других мелких ничего
которые отовсюду смотрят
вернее – отовсюду видятся
взгляд обоюдно слитен в разворачиваемых данностях

Вершы ў часопісе “УЖ”.

Улада Хмель

Паэтка, пісьменніца, якая працуе з рознымі формамі, цікавіцца жаночым пісьмом і робіць пра яго праект “Фігуры замоўчвання”. Вершы Улады насычаныя прыроднымі і фальклорнымі вобразамі, з іх дапамогай яна можа распавядаць пра абсалютна розныя рэчы: пра каханне, радзіму і пошук сваёй ідэнтычнасці.

***
прыцемкі, і толькі вецер
стварае асобнасць –
ласкатанне валасоў –
прастору трэння –
мяжу.
біты яблык,
колкая каленка.

Вершы ў часопісе “УЖ”.

Сафія Ластоўская, для bellit.info