Раннія апавяданні Андрасюка выдадуць па-польску

Неўзабаве мае пабачыць свет кніга выбраных апавяданняў пісьменніка і журналіста з Падляшша Міхася Андрасюка ў польскіх перакладах. Зборнік мае назву “Żubr i inne opowiadania” (Зубр і іншыя апавяданні), а пераклады з беларускай на польскую мову здзейсніў Марцін Рэмбач.

Як высветліла Радыё Рацыя, у кнігу ўвайшлі апавяданні з дзвюх кніг Міхася Андрасюка“Фірма” (2000) і “Мясцовая гравітацыя” (2004).

“Гэта для мяне быў вельмі цікавы досвед – пачытаць, як гэта гучыць у польскім перакладзе, і ўвогуле пачытаць сябе ранейшага, ранейшага на чвэрць стагоддзя, — прызнаецца аўтар, — Сёння я б штосьці так не сказаў, як сказаў тады. Сёння я не пазнаў бы маё мястэчка [Міхась Андрасюк нарадзіўся ў Гайнаўцы], якое было вельмі аўтэнтычнае і сапраўды верна адлюстраванае ў апавяданнях. Усё змянілася. Сёння таксама іначай пішу. Што тады было самае цікавае. Што мяне тады цікавіла. Такі баланс паміж формай і зместам, дзе часам быў перахіл у бок формы. Шматпавярховыя сказы, барока нейкае, заблытаны сказ, чаго цяпер не зрабіў бы.

Многія апавяданні закранаюць жыццё мястэчка на парозе палітычнай і эканамічнай трансфармацыі ў Польшчы. Ідуць 90-ыя гады. “Гэтае мястэчка заходзіць у такі як бы новы кабінет і азіраецца па баках. Ну нейкі капіталізм да нас прыйшоў. І што гэта такое гэты капіталізм і гэтыя людзі? Як яны сутыкаюцца з рынкавай эканомікай?” — расказвае пра кнігу Міхась Андрасюк.

Кніга выйдзе пры падтрымцы Цэнтра беларускай культуры.

Фота: крыніца