Выйшаў новы выпуск літаратурнага падкасту “Спіс на лета” ад праекта wir.by. Ён прысвечаны пачынальніку беларускай інтэлектуальнай прозы — Максіму Гарэцкаму. У класічных школьных творах разбіраюцца кандыдатка філалагічных навук Марына Казлоўская і паэтка Дар’я Бялькевіч.
Максім Гарэцкі, які міжволі стаў жаўнерам Першай сусветнай вайны, першы ў свеце, хто наўпрост з акопаў напіша пра яе брыдкасць і бессэнсоўнасць — Рэмарк, Барбюс і Хэмінгуэй зробяць гэта крыху пазней. Таксама менавіта Гарэцкі стагоддзе таму заўважыў і сказаў, што ў беларусаў дзве душы і што “падваенне асобы зрывае нам дах” (с), і задаў анталагічнае пытанне “адкуль усё і што яно”.
У гэтым выпуску падкасту Марына Казлоўская і Дар’я Бялькевіч размаўляюць не толькі пра творы Максіма Гарэцкага, але і пра рацыянальнае ды ірацыянальнае, дысацыятыўны разлад асобы, паганства, кіно і вялікі выбух.