Іверс Анатоль (сапр. Міско Іван Дарафеевіч, 15.5.1912, в. Чамяры, цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.10.1999, Слонім, Гродзенская вобл.). Паэт. Сябра СП з 1940 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я, як і многія аднавяскоўцы, у 1914 г. выехала ў бежанства і вярнулася ў 1918 г. У 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Навагрудскай (1931) гімназій. З 1931 г. у Чамярах пад наглядам польскай паліцыі. З 1935 г. служыў у Войску Польскім. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца” (1939—1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з 1943 г. — партызан брыгады імя К. Ракасоўскага, у 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую падпольную газету “Барацьба”. Пасля вайны працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты “За перамогу камунізму”, у лесахімічнай прамысловасці. У 1976—1984 г. — сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыў у Слоніме. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 г.
Пахаваны ў Слоніме.
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі “Песні на загонах” (Вільня, 1939), “З пройдзеных дарог” (Мінск, 1970), “Жыву ў бацькоўскім краі” (Мінск, 1982), “Я пайшоў бы ўслед за летам” (Мінск, 1987), “Прыдарожныя сосны” (Слонім, 1995), “Травень” (Слонім, 1997), кнігі вершаў і ўспамінаў “Аўсяныя росы” (Мінск, 2011), кнігі нататак “З глыбінь жыцця” (Мінск, 2012).