Паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч у чарговым відэа на сваім YouTube-канале падрабязна разбірае творчасць ці не галоўнага ірландскага паэта, нобелеўскага лаўрэата Уільяма Батлера Ейтса.
Пра што ідзецца ў выпуску:
- што зрабіў Ейтс для сучаснай Ірландыі;
- чаму ангельская мова аўтара – гэта адабраная ў акупанта трафейная зброя;
- што агульнага паміж Купалам і Ейтсам;
- чарадзейная Ірландыя і якое месца нацыянальная міфалогія займае ў спадчыне паэта;
- як герой Руды Ханраан дапамагае ператварыць палітычныя дэкларацыі аўтара ў любоўную лірыку або наадварот;
- як паэт паказвае крывавае паўстанне 1916 года ў сваёй творчасці;
- як ірландскія пераклады Таўбіна сталі “голасам з таго свету”;
- жаночы твар пратэстаў і ірландская палітзняволеная з прозвішчам Маркевіч у вершах Ейтса.
“Ранні Ейтс адбудоўвае сваю Ірландыю з дапамогай сімвалізму і неарамантызму, з дапамогай такога канструкту, як двухсвецце. Гучыць мудрагеліста, але нічога незразумелага, калі прыгадаем ранняга Янку Купалу. Памятаеце, шэрая беларуская старонка, але варта ўважліва паглядзець, і дзесьці ў гушчары свеціцца казачная папараць-кветка,абяцаючы схаваныя скарбы, а потым высветліцца, што гаворка не пра залаты скарб, а пра духоўныя скарбы, страчаныя нашчадкамі. Уся купалаўская паэзія пагружае чытача на гэтую легендарную глыбіню старажытнай Беларусі, вартай вяртання велічы. Ейтс вяртае з невараці сюжэты сярэднявечных ірландскіх сагаў, імёны міфалагічных персанажаў у выглядзе старажытных кельцкіх багоў, якія не былі знішчаныя сярэдневечным хрысціянскім святарствам”, — сярод іншага расказвае ў відэа Андрэй Хадановіч.