Літаглядальніца і перакладчыца Наста Карнацкая расказала ў 124 выпуску свайго падкаста “Белліт”, што працуе над новым перакладам для выдаўца Андрэя Янушкевіча. А таксама пра тое, што выдавецтва ўжо мае падпісаныя дамовы на выданне амерыканскага бэстсэлера.
“… Цяпер нарэшце я магу казаць, што гэта за кніга. Гэта сучасны амерыканскі раман Рэбэкі Куан, які называецца “Yellowface”. Я ўжо, мне падаецца, кожны выпуск падкаста расказваю вам пра гэтую кнігу”, — дзеліцца навіной Наста Карнацкая і дадае, што праца над перакладам кнігі ідзе.
Але калі чакаць друкаванае выданне — пакуль невядома. “Я спадзяюся, што магчыма нават да канца года, а як яно пойдзе… І тут мы вяртаемся зноў да таго, што жыццё штука непрадказальная”, — дадае перакладчыца.
Да напісання Рэбэкай Куан рамана “Yellowface” за плячыма пісьменніцы, якая эмігравала з Кітая ў ЗША ў чатырохгадовым веку, ужо было 5 выдадзеных кніг. У кастрычніку 2021 году Куан абвясціла, новы ейны раман будзе апублікаваны ў 2023 годзе. Выдавецтва William Morrow and Company пісала ў прэс-рэлізе, што “Yellowface” раскажа пра “белую аўтарку, якая крадзе неапублікаваны рукапіс, напісаны больш паспяховай памерлай азіяцкай пісьменніцай, і выдае яго за свой”. Назва рамана, “Yellowface”, адсылае да практыкі ў кінаіндустрыі yellowface, у якой белыя акторы граюць персанажаў-азіятаў, аналагічна з blackface, калі якіх белыя акторы выкарыстоўваюць макіяж, каб гарць чорных персанажаў.
Адразу пасля публікацыі раман увайшоў у спіс самых прадаваных кніг у ЗША. А вядомая пісьменніца Амаль Эль-Мохтар у рэцэнзіі для New York Times пісала пра раман як “свежы, сатырычны літаратурны трылер, які адначасова прыемны і нязручны”.
Дэбютны пераклад Насты Карнацкай нядаўна выйшаў у выдавецтве “Янушкевіч”, гэта раман “Ззянне” Стывена Кінга, які можна купіць у анлайн-кнігарні, а таксама ў краме ў Варшаве.
Галоўная выява: крыніца