10 траўня ў выдавецтве “Янушкевіч” выходзіць з друку доўгачаканы авантурны раман Альгерда Бахарэвіча “Капітан Лятучая Рыба”. Кніга пра вялікае беларускае падарожжа і супрацьстаянне злу, ілюстраваная знакамітым музыкам Лявонам Вольскім.
“Капітан Лятучая Рыба” — прыгодніцкі раман для чытачоў усіх узростаў: пра адважных блуканцаў, далёкія краіны і крохкую надзею, якую спрабуе скрасці наш вар’яцкі час.
Анатацыя:
“Сталася так, што пятнаццацігадовая беларуска Алеся ўжо цэлы год жыве ў вялікім партовым горадзе недзе на Паўночным Захадзе Еўропы. Яна ходзіць у мясцовую школу, падпрацоўвае ў кіёску і размаўляе з акіянскімі караблямі. Але выпадковая сустрэча з трыма загадкавымі істотамі назаўсёды змяняе яе жыццё. Бо неўзабаве ёй давядзецца выправіцца ў вандроўку паміж гарадамі, кантынентамі ды нават рэальнасцямі — і пабачыць паўсвету, перажыўшы на сваім шляху галавакружныя прыгоды: у моры, паветры і на зямлі”.
А з 9-га траўня паэтка Юля Цімафеева, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, перакладчык Сяргей Шупа і выдавец Андрэй Янушкевіч супольна наведаюць некалькі вялікіх гарадоў, каб сустрэцца з чытачамі. На сустрэчах будзе перадусім прэзентацыя навінак. Альгерд Бахарэвіч акурат і прадставіць насычаны драйвам прыгодніцка-авантурны раман “Капітан лятучая рыба”.
ВІЛЬНЯ, 9 траўня, 18.00 — Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20)
РЫГА, 10 траўня, 15:00 — Дацкі інстытут (Mukusalas iela, 5).
ТАЛІН, 11 траўня, 17.00 — прастора Workland (Pärnu mnt., 12)
УРОЦЛАЎ, 18 траўня, 17.00 — Biblioteka Słowianska. Dolnośląska Biblioteka Publiczna we Wrocławiu (Rynek, 58)
ПРАГА, 19 траўня, 18.00 — Kancelář demokratických sil Běloruska v České republice (Vodičkova, 9)
Загалоўнае фота Юлі Цімафеевай з facebook.com