Пра альбом пахаванняў беларусаў у свеце “Кніга могілак”, які толькі што выйшаў у выдавецтве фонда “Камунікат”, піша крытык Вера Бейка.
Часам натхненне і захапленне прыходзяць да чытача з тых старонак, ад якіх не чакаеш ані першага, ані другога. Прыкладам, ці абацяе нам нешта такое тэкст пра могілкі і пахаванні? Далібог, у нашыя цяжкія часы шчэ падумаеш, ці павялічваць навакольны і ўнутраны сум такім драматычным чытаннем?
Новая кніга, што выйшла ў выдавецтве Kamunikat.org і працягвае легендарную ўжо серыю “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, мае скупую, энцыклапедычнага характару назву і такі ж безэмацыйны падзагаловак: “Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце”. Даследчыкі Лявон Юрэвіч і Наталля Гардзіенка, якія працавалі над гэтым выданнем больш за 15 гадоў, вызначылі ягоны жанр як “альбом-даведнік”.
І з першага погляду сапраўды перад намі – класічны даведнік, аздоблены багатым ілюстрацыйным матэрыялам: гэта каталог беларускіх пахаванняў на могілках 13 краін свету. Мець, безумоўна, трэба, але каб сесці і чытаць?
Між тым менавіта так і здарылася: пабачыўшы сігнальны экзэмпляр “Кнігі могілак”, я збіралася перагарнуць пару старонак і пацешыцца чарговай выдатнай даследчыцкай працай – і правяла некалькі вечароў у сапраўдным няспынным чытанні, якое цяпер нячаста здараецца нават у выпадку з прэміяльнымі раманамі.
За сціплымі біяграмамі, якімі суправаджаюцца фотаздымкі беларускіх пахаванняў у Бельгіі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Італіі, Канадзе, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швецыі і іншых далёкіх ад Беларусі краінах, паўстаюць жывыя і сапраўдныя гісторыі людзей, што імкнуліся зберагчы ў бясконцых катаклізмах не толькі сябе – але і сваю радзіму ўнутры сябе.
Святары, настаўнікі, вайскоўцы, вучоныя, літаратары, мастакі, інжынеры, грамадскія дзеячы дыяспар і шараговыя ўдзельнікі суполак, людзі публічныя – і зусім сціплыя, эмігранты бясконцых беларускіх хваляў, салдаты, што гінулі пад Монтэ-Кассіна, тысячы і тысячы беларусаў, якім суджана было легчы ў чужую зямлю – і якія пакінулі на помніках бязмежнага свету такія знаёмыя і зразумелыя нам беларускія прозвішчы.
Ад кагосьці засталіся некалькі радкоў: “нарадзіўся ў Жабінцы, апынуўся ў Аўстраліі”. Ад кагосьці – значна больш: “удзельнік скауцкай арганізацыі, актывіст, арганізатар беларускай суполкі, заснавальнік беларускай школы…” Дзіўна, як выразна праступае праз кароткі сухі пералік жыццёвых падзеяў і характар, і тэмперамент, і ўменне альбо няўменне адказваць на жыццёвыя выклікі. З некаторых біяграм адразу паўстае будучы раман, у якім панарама няпростага жыцця чалавека ХХ стагоддзя атрымлівае асаблівыя фарбы, і акцэнты, і сэнс. Гэта і гісторыя сям’і Грушаў, што знайшлі спачын у аўстралійскім Мельбурне, і Гузы-Грыцукі з Гомельшчыны (таксама Мельбурнскія могілкі), і ўдзельнік паўстання 1830 года Валяр’ян Хелхоўскі, што адступаў з баямі да Варшавы, а адтуль трапіў у Францыю, і Ўладзімір Валадковіч, селянін вёскі Жыдовічы: як сын кулака ён не мог атрымаць школьнай адукацыі ў БССР, а там войны, эміграцыя, а жыццё ж ідзе, і вось ужо ў Саўт-Рыверы ён удзельнічае ў будаўніцтве царквы, а потым – даглядае беларускія могілкі. Не пералічыць гэтых сапраўдных, непрыдуманых гісторый, у кожнай з якой – просты і незаўважны подзвіг простага чалавека, кінутага ў бязлітасны час.
Акрамя біяграм, асобны сюжэт – надпісы на помніках. Лацінка і кірыліца, ангельская, руская і беларуская мовы, нацыянальная сімволіка – і стандартныя крыжы, і гэта ўжо не столькі пра тых, хто пад помнікам, колькі пра тых, хто гэты помнік ставіў. “Хай будзе воля твая”, “And grace will lead me home”, “Вечная памяць, ты не памерла, хоць няма цябе на гэтым сьвеце, ты будзеш жыць, пакуль жывуць твой муж і дзеці”, “Пасьля цярністае дарогі спачынак вечны без трывогі”, і зусім кранальнае: “Фатыня Моніка, дачка Сьцяпана і Марыі” – бацькі, памянёныя на апошнім камяні Фатыні Монікі, якіх яна не бачыла дзясяткі год.
Яшчэ адна лінія – апісанні ўласна могілак, дадзеныя аўтарамі-даследчыкамі перад кожнай геаграфічнай адзінкай. Дзесьці, як у Мельбурне ці Саўт-Рыверы, гэта асобныя беларускія сектары, дзесьці, як у Монтэ-Кассіна – вайсковыя пахаванні, дзесьці – звычайныя гарадскія могілкі, па якіх сярод іншых расцярушаны і беларусы. Праз кожнае з гэтых апісанняў праглядае той беларускі лад жыцця, які спрабавалі аднавіць і захаваць вакол сябе выгнанцы, каб адчуць сябе дома – альбо ўсё адно не адчуць – пасля смерці.
Калі ж усе гэтыя непрамоўленыя, але ўяўныя сюжэтныя лініі збіраюцца ў адно, калі кніга дачытаная і прагледжаны нават іменны паказнік – перад уражаным чытачом паўстае велічная карціна беларускага сусвету, які сапраўды не мае межаў, не мае пачатку і не мае канца. Кажуць, чалавек можа лічыць сваёй тую зямлю, куды ён паклаў сваіх продкаў – дык у нас, беларусаў, свая зямля сапраўды паўсюль. Куды толькі не гоніць наш народ вецер гісторыі, дзе толькі не сеецца зерне любові да радзімы, і як толькі не ўзыходзіць. Пафасна? Ну, так. Але могілкі вымагаюць асаблівага настрою, і ён часцяком – горкі, але ж і ўрачысты.
І ўрачыстасць гэтая – не толькі ўдзячнасць да гэтых людзей, выгнаных з радзімы, але не згубленых. Але і захапленне перад тымі, хто па макавым зярняці збіраў біяграфічныя звесткі, фатаграфаваў могілкі, расчытваў надпісы, аднаўляў гісторыі пахаванняў, каб урэшцэ скласці энцыклапедычны даведнік, значна шырэйшы за свой жанр.
У прадмове да выдання даследчыкі адзначаюць: патрэбны працяг працы. Няма яшчэ такой грунтоўна сабранай і маштабна пададзенай інфармацыі аб пахаваннях у Літве, Расеі, Польшчы – а гэта ж яшчэ сотні тысяч нашых суайчыннікаў, беларусаў, што мацавалі сваімі сіламі і талентамі заходні сусвет, не забываючыся на свой беларускі. Сапраўды, і такі даведнік нам востра патрэбны, як патрэбная памяць і кожнаму чалавеку, і кожнаму народу.
Таму – не спыняймася.
Вера Бейка