10 студзеня ў прасторы Community Space (Brunnenstraße 9, 10119 Berlin) адбудзецца прэзентацыя выдавецтва hochroth Minsk з удзелам аўтараў Крысціны Бандурынай і Андрэя Хадановіча.
Таксама выступяць Света Бень, Зміцер Вішнёў і Дзмітрый Строцаў. Мадэраваць вечарыну будзе Яраслава Ананка.
“Акрамя таго, усе выступоўцы і гледачы змогуць паўдзельнічаць у друкарскім перформансе. Мы разам будзем друкаваць, клеіць, рэзаць і нумараваць кнігі запрошаных аўтараў. Гэта будзе магчыма, таму што выдавецтва hochroth Minsk са ўсім абсталяваннем знаходзіцца ў Community Space”, — расказваюць арганізатары.
Пачатак у 19:00. Уваход вольны
Выдавецтва hochroth Minsk заснаваў паэт Дзмітрый Строцаў. Летась з друку выйшлі паэтычныя зборнікі Крысціны Бандурынай, Вольгі Злотнікавай, Касі Іофе, Артура Камароўскага, Ганны Комар, Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, Андрэя Хадановіча і ўкраінскага паэта Сяргія Жадана. Многія з іх трапілі ў спіс 100 найлепшых кніг 2023 года паводле выбару рэдакцыі Bellit.info.