Жаўрук Алесь (сапр. Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, Сянно, цяпер Віцебская вобл. — 23.8.1942, Сталінград, цяпер Валгаград, Расія). Паэт. Сябра СП БССР з 1937 г.
Нарадзіўся ў сям’і бухгалтара. У 1927 г. паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога працаваў настаўнікам у саўгасе “Сосны” Любанскага раёну. Закончыў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры (1938). З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Быў ваенным карэспандэнтам армейскай газэты “В бой за родину”.
Загінуў у час бамбёжкі ў эвакуацыйным шпітальным караблі для параненых на Волзе каля Валгаграда. Імем Алеся Жаўрука названыя вуліцы ў г. Сянно, Рагачове.
Дэбютаваў у друку ў 1926 г. (вершы ў газетах “Магілёўскі селянін” і “Камуніст”). Аўтар зборнікаў паэзіі “Ручаіны” (Менск, 1936), “Дняпро выходзіць з берагоў” (Менск, 1938), паэм для дзяцей “Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада” (Менск, 1939), “Пра майго таварыша” (з А.Ушаковым; Менск, 1939), зборніка вершаў для дзяцей “Пра майго катка” (з А.Ушаковым; Мінск, 1950), паэмы “Крывёю сэрца” (1938), лібрэта опэры “Зарэчны барок” (з А.Ушаковым; пастаўлена ў 1940 г.). Выдадзеныя зборнікі “Выбранае” (Мінск, 1960), “Крывёю сэрца” (вершы, паэмы, успаміны пра паэта; Мінск, 1987).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 5).