Жарскі Генрык Казіміравіч (1902, Варшава, Польшча — 14.10.1937, Мінск). Празаік, грамадскі дзеяч. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і фельчара. З шаснаццаці год удзельнічаў у падпольнай рабоце польскай кампартыі. Быў зняволены ў варшаўскі астрог “Павіак”. Вызвалены пад залог, эмігрыраваў у Францыю, дзе працаваў на заводзе “Рэно”. Высланы за межы Францыі за арганізацыю забастоўкі рабочых. Па накіраванні Польскай секцыі Камінтэрна прыехаў у СССР, дзе быў залічаны на вучобу ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут журналістыкі. Працаваў у Саратаве ў абласной газеце, затым у пугачоўскай раённай газеце. У 1932 г. пераведзены ў Беларусь. Быў намеснікам рэдактара, затым рэдактарам польскай газеты “Орка” (“Ворыва”). Сябра СП СССР з 1934 г.
Расстраляны органамі НКУС у Мінску. Месца пахавання невядомае.
Літаратурнай працай займаўся з другой паловы 1920-х гг. Пісаў на рускай і польскай мовах. Аўтар кнігі апавяданняў для дзяцей “Парашок для чыхання” (Менск, 1935), аповесці “Без языка” (газета “Пионерская правда”, 1927), шэрагу празаічных твораў у “Альманаху літэрацкім” (Менск, 1934).