Жалязняк Рыгор Самуілавіч (верасень 1914, Віцебск — жнівень 1942, пас. Мга, Кіраўскага р-на Ленінградскай вобл., Расія). Паэт, крытык.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Вучыўся ў Віцебскім фабрычна-заводскім вучылішчы чыгуначнікаў (1930—1931), працаваў у дэпо, літсупрацоўнікам у газеце “Віцебскі пралетарый” (1931—1932), займаўся ў Віцебскім кінатэхнікуме на сцэнарным аддзяленні (1932—1933). Паступіў у Ленінградскі дзяржаўны інстытут гісторыі, філасофіі, літаратуры і лінгвістыкі, а ў 1936 г. перавёўся на філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1938) вучыўся тры гады ў аспірантуры. Напісаў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Паэзія М. А. Багдановіча”.
Загінуў у пас. Мга, Кіраўскага раёна, Ленінградскай вобласці падчас абароны Ленінграда. Пахаваны ў рабочым пасёлку № 8 Мгінскага раёна Ленінградскай вобласці.
Першыя творы надрукаваў у 1931 г. Аўтар зборніка вершаў “Вясновыя будні” (Віцебск, 1934).